11 жніўня 2020 году Міхал Вайцяшчук на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў намаляваў уздоўж белага плоту амбасады Беларусі ў Варшаве чырвоную паласу.
«Як чалавек, грамадзянін Польшчы, грамадзянін сьвету, я не магу быць у баку ад таго, што робіцца ў суседняй дзяржаве, дзе дыктатар Лукашэнка проста зьдзекуецца са свайго народу. Нельга заплюшчваць на гэта вочы. Я рэагую на гэта так, як я магу — і правёў сваю асабістую акцыю пратэсту: проста на белым плоце я намаляваў пасярэдзіне чырвоную паласу. Атрымаўся забаронены Лукашэнкам сьцяг», — расказаў у размове са Свабодай Міхал.
Юрысты амбасады заявілі, што Міхал Вайцяшчук нанёс шкоду дыпляматычнай установе гэтай чырвонай паласой на плоце ў памеры 97 000 злотых. Справа дайшла да суду, але там шкода была ацэненая ў амаль 11 разоў меншую суму — 9 000 злотых. Суд спыніў крымінальны перасьлед Вайцешчука з выпрабавальным тэрмінам у адзін год, абавязаўшы яго выплаціць амбасадзе Беларусі 3000 злотых.
Аднак пракуратура падала апэляцыю і настойвала на суме пакрыцьця шкоды ў 9 000 злотых. У выніку суд другой інстанцыі абавязаў Вайцешчука канчаткова выплаціць 3 000 злотых.
Юрыст заплаціў шкоду не амбасадзе, а Беларускаму дому
На пачатку лютага акруговы суд Варшавы даслаў запыт Вайцешчуку: ці сплаціў ён грошы беларускай амбасадзе. Міхал накіраваў пісьмовы адказ, дзе патлумачыў, чаму амбасада Беларусі ня можа разьлічваць на прысуджаныя судом 3 000 злотых. Прыклаў да ліста сьпіс беларускіх палітзьняволеных, у якім амаль 1,5 тысячы чалавек. А прысуджаныя амбасадзе грошы ён накіраваў на падтрымку Беларускага дома ў Варшаве. У якасьці доказу сваіх дзеяньняў Вайцяшчук паказвае «пацьверджаньне выкананьня плацяжу» — банкаўскую квітанцыю.
«Пасьля судоў дзьвюх інстанцый я павінен заплаціць нібыта „пакрыўджанай“ амбасадзе Беларусі 3 тысячы? Я не магу ўявіць сабе сытуацыю, калі я б выконваў абавязаньні перад амбасадай таталітарнай дзяржавы. З уласнай волі я ніколі ня буду ўносіць грошы ў фонд спэцслужбаў Лукашэнкі — для маскіроўкі так званых дыпляматаў, якіх даўно трэба было выслаць з Польшчы і ЭЗ. Гэта было б амаральна, несумяшчальна з маім сумленьнем, маімі перакананьнямі, непрыстойна і несправядліва. І зараз я амбасадзе Беларусі, прадстаўніцтву Лукашэнкі заплачу нейкія грошы? Не заплачу!» — эмацыйна тлумачыць сваю пазыцыю Міхал Вайцяшчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабодныя людзі — браты». Акцыя салідарнасьці перад амбасадай Беларусі ў Варшаве. ФОТА«Гэта форма звароту да польскіх органаў правасудзьдзя»
Міхал расказвае, што мае шмат сяброў зь Беларусі. Прызнаецца ў «сантымэнце» да беларускіх анархістаў Мікалая Дзядка, Яўгена Рубашкі, Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Крысьціны Чаранковай, якія атрымалі вялікія турэмныя тэрміны. Паляк вельмі заклапочаны перасьледам беларускіх актывістаў, які працягваецца дагэтуль.
Міхал дадае, што яго як юрыста хвалюе ня толькі становішча ў Беларусі, але і стан правасудзьдзя ў Польшчы,
«Вось што вельмі важна для мяне: гэта форма звароту да польскіх органаў правасудзьдзя. Я хачу, каб яны падумалі пра наступствы такога аўтаматычнага прымяненьня закону ў адносінах да асобаў, якія пратэстуюць пад амбасадамі тых дзяржаў, у якіх пануе дыктатарскі рэжым. Гэта ня першая такая сытуацыя. Правасудзьдзе не паказала сваю здольнасьць думаць. Мяне непакоіць, што такія рашэньні судоў спрыяюць несправядлівасьці — могуць пацярпець і беларусы, якія ўцяклі зь Беларусі ад рэжыму і выйшлі за мяжой, да прыкладу, у Польшчы зь якім-небудзь банэрам на пратэсты», — разважае польскі юрыст.
На пытаньне, якія могуць быць наступствы, калі Міхал Вайцяшчук не заплаціць беларускай амбасадзе прызначаныя судом 3 тысячы злотых, ён адказаў так:
«Калі суд канстатуе, што я не выканаў пастанову, ён можа арганізаваць яшчэ адзін працэс. Ня ведаю, чым гэта можа скончыцца. Гэта ня важна. У маніфэстацыях пад амбасадамі Беларусі, Расеі, Украіны часта гучыць заклік „За нашу і вашу свабоду!“ Гэта пэўная агульная сыстэма эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Вось гэта важна.
Суд павінен перагледзець сваё рашэньне, таму я буду змагацца далей», — кажа польскі юрыст Міхал Вайцяшчук.