Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.
Сьцісла
Карбалевіч
- Галоўнае пытаньне наконт крамлёўскага пляну паглыбленьня інтэграцыі зь Беларусьсю — гэта дырэктыва ці адзін з праектаў?
- Па вялікім рахунку, у гэтым дакумэнце няма нічога асабліва новага. Шмат у якіх рысах гэты плян рэалізуецца.
- Візыт Бжанія ў Беларусь — гэта крок да прызнаньня Абхазіі, хоць невядома, ці скончыцца ён прызнаньнем.
- Лукашэнка запрасіў у Менск Байдэна, а прыехаў Бжанія. Гэта прыніжальна для Лукашэнкі.
- Сёньняшняя прамова Пуціна — гэта ня заклік да татальнай вайны.
- Ён сёньня спрабаваў апраўдвацца за вайну.
Навумчык
- Дакумэнт, абнародаваны Беларускім расьсьледавальніцкім цэнтрам (БРЦ), — гэта апісаньне таго, чаго хацеў бы Крэмль.
- Я не выключаю, што на гэтым этапе для Пуціна, які безумоўна хоча інкарпараваць Беларусь, выгадней, каб Беларусь пакуль была незалежнай, чым яна была б цалкам інкарпараваная ў РФ.
- Наконт выхаду Расеі з дамовы аб СНУ — прыгадваецца шэксьпіраўскае «век вывіхнуўся», парвалася сувязь часу.
- Прыпыненьне ўдзелу Расеі ў дамове СНУ прывядзе да гонкі ядзерных узбраеньняў і можа павялічыць спакусу разьмясьціць расейскую ядзерную зброю ў Беларусі.
— Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар (БРЦ) абнародаваў зьмест сэнсацыйнага ўнутранага дакумэнту расейскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі», згодна зь якім Расея зьбіраецца да 2030 году акупаваць Беларусь. Дакумэнт датуецца летам 2021 году і займае 17 старонак.
Калі гэта сапраўдны крамлёўскі дакумэнт, то які ўзровень абавязковасьці ён меў і мае? Гэта тое, што Пуцін ужо загадаў расейскаму дзяржаўнаму апарату рабіць, ці нейкі праект, пражэкт, эскіз?
Карбалевіч: Я б не гаварыў пра сэнсацыйнасьць гэтага дакумэнту. Нічога асабліва новага там няма, тое, што ў ім напісана, так ці інакш рэалізуецца на практыцы Масквой адносна Беларусі.
Сапраўды, галоўнае пытаньне — гэта дырэктыва да дзеяньня ці праект? У любой бюракратычнай сыстэме цыркулюе шмат розных дакумэнтаў, праектаў. Кожны дэпартамэнт спрабуе вылучыць свае прапановы.
Ня выключана, што гэта праект, які ў далейшым абмяркоўваўся, а можа, на стадыі праекту і застаўся.
Яшчэ адна асаблівасьць — што гэты дакумэнт датаваны 2021 годам. Ён складаўся яшчэ да поўнамаштабнай вайны. Тады была іншая сытуацыя, вайна шмат што памяняла. І калі я бачу пляны дзеяньняў да 2025 году ці нават да 2030 году, я ўсьміхаюся: хто ведае, што будзе праз год. Што будзе зь Беларусьсю, з Расеяй у 2030 годзе — невядома, бо вайна ўсё памяняла.
Ну, і наконт інкарпарацыі. З гэтай паперы не вынікае, што Расея хоча цалкам пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту, ператварыць у Паўночна-Заходнюю фэдэральную акругу РФ. Там ідзецца пра паглыбленьне інтэграцыі, умацаваньне ўплыву Расеі на Беларусь.
Бадай, адзіны сапраўды важны пункт — гэта стварэньне адзінай валюты. Але гэты пункт быў у дамове аб утварэньні саюзнай дзяржавы ад 1999 году. Было гэта і ў праектах «дарожных мапаў» інтэграцыі, якія разглядаліся ў 2019 годзе — так званая 31-я мапа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрэтны крамлёўскі дакумэнт падрабязна апісвае пляны расейскага захопу Беларусі да 2030 году— Напрыканцы 2020 году былі абнародаваныя пляны іншага ўпраўленьня Крамля наконт усталяваньня кантролю над палітычнай сыстэмай Беларусі праз стварэньне сеткі прарасейскіх мэдыя і прарасейскіх палітычных сілаў у Беларусі. Тыя пляны распрацоўваліся з разьлікам на канстытуцыйную рэформу ў Беларусі, якую тады анансаваў Лукашэнка.
Дакумэнт, апублікаваны цяпер БРЦ, таксама ўтрымлівае пляны і наконт гэтага. Але, здаецца, у іх гэта не атрымалася. Ці не?
Навумчык: Я згодны, што прынцыпова новага ў гэтым дакумэнце няма. Трэба прызнаць, што Масква няўхільна ідзе шляхам паступовага паглынаньня сувэрэнітэту Беларусі.
Ці ёсьць гэты дакумэнт дырэктыўным — мы можам толькі гадаць. Цікава, чыя рэзалюцыя стаяла на ім: нейкага чыноўніка адміністрацыі прэзыдэнта РФ ці самога Пуціна.
Але што гэта апісаньне таго, чаго хацеў бы Крэмль, гэта безумоўна.
Што тычыцца выкарыстаньня беларускага парлямэнту, то гэтыя пляны былі адпачатку марныя. Бо няма ў Беларусі ніякага сапраўднага дзейнага парлямэнту. Але, па вялікім рахунку, Крэмль такая сытуацыя задавальняе. Ён можа праводзіць сваю лінію наўпрост праз Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь стане сучаснай калёніяй». Экспэртка тлумачыць, чаму ў складзе Расеі беларусаў чакаюць галеча і дэградацыя— Другая тэма — візыт у Менск кіраўніка самаабвешчанай Абхазіі Аслана Бжанія. Летась у верасьні Аляксандар Лукашэнка наведваў Піцунду, дзе таксама сустракаўся з Бжанія. Цяперашні візыт у адказ — ці стане яго працягам афіцыйнае, юрыдычнае прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі? З 2008 году афіцыйны Менск ад гэтага ўхіляўся. А цяпер ня здолее?
Карбалевіч: Гэты візыт — безумоўна, крок у кірунку афіцыйнага прызнаньня. Але ці давядзе гэты крок да фіналу — невядома. Для прызнаньня незалежнасьці Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыіі трэба нейкае юрыдычнае рашэньне.
Адносна Крыму ці нядаўна анэксаваных Расеяй рэгіёнаў Украіны можна схавацца за формулай, што далучэньне гэтых тэрыторыяў да РФ не патрабуе ніякага прызнаньня, Расею Беларусь і раней прызнавала.
А з тэрыторыямі, якія абвясьцілі сябе незалежнымі дзяржавамі, справа іншая — яны ці прызнаюцца, ці не.
Пікантная дэталь — Лукашэнка днямі запрасіў у Менск прэзыдэнта ЗША Байдэна. Але той паехаў у Кіеў. А ў Менск прыехаў прэзыдэнт Абхазіі.
Гэта вельмі прыніжальна для Лукашэнкі. Акрамя Пуціна, у Менск даўно не прыяжджалі ніякія кіраўнікі прызнаных дзяржаваў сьвету. А яшчэ ж можа здарыцца, што Абхазія папросіцца ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Грузіі асудзіў сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком непрызнанай Абхазіі— Сяргей, як вы мяркуеце, ці магчыма, што замест прызнаньня дэ-юрэ Лукашэнка прапануе Абхазіі прызнаньне дэ-факта: кантакты, паездкі грамадзянаў, гандаль, але не юрыдычнае прызнаньне?
Навумчык: Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад таго, якой будзе хада вайны ва Ўкраіне. І другі фактар — наколькі Пуціну, калі ён утрымаецца ва ўладзе, будзе важнае прызнаньне Абхазіі з боку Беларусі дэ-факта ці дэ-юрэ.
Думаю, што яму гэта важна.
— Дарэчы, цікавы аспэкт даўняй спрэчкі — ці цісьне Пуцін на Лукашэнку, і калі так, то ў якіх пытаньнях. Адны кажуць: беларускае войска не ваюе ва Ўкраіне, бо Лукашэнка гэтаму пярэчыць. Іншыя кажуць: ды нічога ад яго не залежыць, проста Пуціну гэта ня трэба, надта шмат кепскіх наступстваў ад гэтага будзе, для Расеі ў тым ліку.
Але калі б Беларусь прызнала Абхазію, дык нічога кепскага Расеі ад гэтага б не было. Лукашэнку — было б: грузіны, Грузія ўзьненавідзелі б яго. Але бяды з таго Пуціну? Аднак загадаць прызнаць, відаць, не атрымліваецца. І націснуць так, каб прызнаў, пакуль не атрымліваецца.
Дык цісьне ці не?
Навумчык: Дакладна мы гэтага ня ведаем. Гадоў праз 30, калі Мікола Лукашэнка напіша мэмуары, мы, магчыма, даведаемся (Лукашэнка і Пуцін, думаю, не напішуць).
Я не выключаю, што цяпер Пуціну, які безумоўна хоча інкарпараваць Беларусь, нават выгадней, каб Беларусь пакуль была незалежнай дзяржавай, чым яна была б цалкам інкарпараваная ў РФ. Безумоўна, Пуцін у прынцыпе хацеў бы такой інкарпарацыі. Але ёсьць перавагі, якія Расея атрымлівае ад існаваньня фармальна незалежнай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль Пуцін выступаў са зваротам, расейскае войска з «Градаў» інтэнсіўна абстраляла Херсон, ёсьць ахвяры— Сёньня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін выступіў са штогадовым пасланьнем. Што б вы адзначылі як самае важнае ў гэтым выступе?
Карбалевіч: Адна з галоўных асаблівасьцяў гэтага пасланьня — жорсткая антызаходняя рыторыка. Самая важная заява — аб прыпыненьні ўдзелу Расеі ў дамове з ЗША аб стратэгічных наступальных узбраеньнях.
Мне падалося, што Пуцін апраўдваўся за вайну, спрабаваў пераканаць, што ён правільна ўсё рабіў і робіць. Значную ўвагу аддаў пытаньням эканомікі, сацыяльнай сфэры. Ён спрабаваў зрабіць выгляд, што вайна вайной, але ўсё ідзе нармальна.
Лёзунгу «Усё для фронту, усё для перамогі» не прагучала. У 1943 годзе, пасьля паразы пад Сталінградам, Ёзэф Гебэльс выступіў са знакамітай прамовай пра татальную вайну. Дык вось, сёньняшняя прамова Пуціна — не пра татальную вайну.
Пуцін ня хоча, каб вайна, як той казаў, зайшла ў кожны дом.
Навумчык: Наконт выхаду Расеі з дамовы аб СНУ — прыгадваецца шэксьпіраўскае «век вывіхнуўся», парвалася сувязь часу. Сышлі ў лепшы сьвет ідэоляг Белавескіх пагадненьняў Бурбуліс, Шушкевіч, Краўчук, Гарбачоў. І пачалося аднаўленьне Расейскай імпэрыі, пастаўленая кропка ў раззбраеньні, сьвет ізноў пад пагрозай ядзернай вайны.
Усё неяк вяртаецца нават не ў 70-я, а ў часы, калі ва ўладзе ў СССР быў Сталін. Скажам, той жа Брэжнеў усё ж ваяваў, быў паранены, ён ведаў, што такое вайна. У той час як усе «подзьвігі» Пуціна зводзіліся да цікаваньня і сачэньня праз замочную шчыліну.
Тут не павінна ўводзіць у зман тое, што абвешчана аб прыпыненьні ўдзелу ў дамове. Гэта фактычна выхад з дамовы і старт новага вітка гонкі ядзерных узбраеньняў.
І гэта можа павялічыць спакусу разьмясьціць частку расейскага ядзернага патэнцыялу ў Беларусі.