Прэм’ер-міністарка Італіі наведала Кіеў і паабяцала далейшую падтрымку Ўкраіне

Прэмʼер-міністрка Італіі Джорджа Мэлёні і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве, 21 лютага 2023

Прэмʼер-міністрка Італіі Джорджа Мэлёні ў аўторак падчас візыту ва Ўкраіну паабяцала далейшую падтрымку Кіеву ва ўмовах расейскага ўварваньня.

Мэлёні прыехала ў Кіеў на цягніку з Польшчы. Яна правяла перамовы з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Гэта першы візыт Мэлёні ва Ўкраіну ад часу, калі ў кастрычніку мінулага году яна заняла пасаду старшыні ўрада на чале правай кааліцыі.

Італьянская прэмʼер-міністарка, сярод іншага, пабывала ў прыгарадзе Кіева Ірпяні, дзе пасьля сыходу расейскіх войскаў былі выяўленыя масавыя пахаваньні. Выступаючы там, Джорджа Мэлёні назвала «прапагандай» словы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў новым пасланьні Фэдэральнаму сходу Расеі. «Частка майго сэрца спадзявалася на іншыя словы, на крок наперад, але гэта была прапаганда», — падкрэсьліла Мэлёні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн у Варшаве згадаў народ Беларусі, які працягвае змагацца за дэмакратыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль Пуцін выступаў са зваротам, расейскае войска з «Градаў» інтэнсіўна абстраляла Херсон, ёсьць ахвяры