«Ня так даўно Віталь і Ўладзіслаў атрымалі статус уцекачоў і зараз будуць вырашаць, што ім рабіць далей, — расказаў «Народнай Волі» іх адвакат Вадзім Драздоў. — Яны даволі доўга чакалі гэтага статусу, працэдуру зацягнулі, хоць, як мне падаецца, там і так усё было зразумела».
Па словах адваката, гэты статус дае Кузьнечыкам права на працу і магчымасьць перасоўвацца па Эўропе.
Таксама адвакат паведаміў, што бацька і сын Кузьнечыкі плянуюць напісаць кнігу: «Віталь і Ўладзіслаў пастаянна вялі дзёньнік, запісвалі ўсё тое, што зь імі адбывалася штодзень, а зараз у іх ёсьць жаданьне ўсё гэта літаратурна аформіць».
Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году і ўцяклі ад міліцэйскай пагоні, схаваўшыся за плотам амбасады Швэцыі, што месьціцца ў цэнтры Менску. МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым уручыў ноту пратэсту амбасадарцы Швэцыі. Швэцыя адмовілася выдаваць Кузьнечыкаў сілавікам. Урэшце Кузьнечыкам удалося пакінуць тэрыторыю Беларусі і трапіць у Латвію.
На дзяржаўнай тэлевізіі ў адной зь перадач паказалі, як сілавікі нібыта былі ў курсе ўсіх перамяшчэньняў Кузьнечыкаў і насамрэч ведалі пра іх пасьпяховыя ўцёкі зь Беларусі. Самі бацька і сын заявілі, што «доўга сьмяяліся» з афіцыйнай вэрсіі ўладаў, якія той перадачай, на іх думку, паспрабавалі прыкрыць некампэтэнтнасьць сілавікоў, што не змаглі іх злавіць.