Палата прадстаўнікоў Беларусі зацьвердзіла сьмяротную кару за «здраду дзяржаве»

Палата прадстаўнікоў Беларусі (архіўнае фота)

Паводле новага закону сьмяротная кара можа быць прымененая да службовых асоб і вайскоўцаў, якія «здрадзілі дзяржаве».

Палата прадстаўнікоў зацьвердзіла праект зьменаў у Крымінальны кодэкс, які прадугледжвае ўвядзеньне сьмяротнага пакараньня за здраду дзяржаве, такая інфармацыя зьмешчана ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў Беларусі.

Законапраект прайшоў другое чытаньне. Як паведамілі ў прэсавай службе ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, сьмяротная кара можа быць прыменена да «службовых асоб, якія займаюць дзяржаўную пасаду, і асоб, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, якія зьдзейсьнілі злачынства, прадугледжанае артыкулам 356 КК «Здрада дзяржаве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ аднаго асуджанага на найвышэйшую меру пакаралі сьмерцю, праваабаронцы атрымалі пацьверджаньне

Таксама, у адпаведнасьці з законапраектам, ад крымінальнай адказнасьці змогуць вызваляць асоб, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 125 і 360 КК («Напад на ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай» і «Дывэрсія»), калі яны своечасовым папярэджаньнем дзяржаўных органаў або іншым чынам аказалі садзейнічаньне ў перадухіленьні гэтых злачынстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жахлівы прысуд «рэйкавым партызанам» — падрыхтоўка да ўступленьня ў вайну. Меркаваньне Юрыя Дракахруста

У КК зьявяцца артыкул 289-1 «Прапаганда тэрарызму», артыкул 375-2 «Парушэньне патрабаваньняў у абароне дзяржаўных сакрэтаў», які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за наўмыснае незаконнае перамяшчэньне носьбіта дзяржаўных сакрэтаў за межы Беларусі.

Тэрмін затрыманьня па падазрэньні ва ўчыненьні злачынстваў паводле артыкулаў «Здрада дзяржаве», «Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», «Шпіянаж», «Агентурная дзейнасьць», «Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча», «Дывэрсія» (артыкулы КК з 356 па 360) павялічваецца да 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі будуць пазбаўляць грамадзянства па нараджэньні ў выпадку прысудаў за «экстрэмізм». За якія артыкулы і каму гэта пагражае

Таксама да 20 дзён павялічаны тэрмін выстаўленьня абвінавачаньня падазраваным паводле гэтых артыкулаў. Артыкул 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» дапаўняецца кваліфікацыйнай прыкметай, якая прадугледжвае вызначэньне адказнасьці за распаўсюджваньне заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаваньні, ваенізаваныя арганізацыі.

Падчас падрыхтоўкі законапраекту да разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні ён дапоўнены палажэньнем аб наданьні гэтаму дзяржаўнаму органу паўнамоцтва вызначаць парадак функцыянаваньня пакоя для допытаў дзяцей, у дачыненьні да якіх былі зьдзейсьнены злачынствы супраць асабістай свабоды, гонару і годнасьці, жыцьця і здароўя, палавой недатыкальнасьці або палавой свабоды .

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі суд над 18 абвінавачанымі ў спробе падпалу дома Гайдукевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства інфармацыі адмовілася караць праўладны тэлеграм-канал за абразы