Да Дня роднай мовы слухачам прадставілі аўдыёзапіс кнігі «Мова 404» Аліны Нагорнай. Яго можна адкрыць па спасылцы.
«„Мова 404“ — незвычайная аўдыёкніга. У ёй сабрана ня толькі больш за сотню ўласных гісторый беларусаў і беларусак. Чытаюць гэтыя гісторыі таксама звычайныя беларусы і беларускі. З розных краін сьвету, розных узростаў. Запісвалі ў простых умовах: дома ці на працы, хтосьці на прафэсійнай апаратуры, а часьцей — на тэлефон. Але ўсіх іх, і аўтараў і выканаўцаў, аб’ядноўвае неабыякавасьць да роднай мовы і жаданьне, каб яе стала больш у нашым жыцьці», — гаворыцца ў апісаньні аўдыёкнігі, якая складаецца з 127 гісторый.
Над праектам працавалі каманды audiobooks.by і «Кніжны воз».
У кнізе «Мова 404» сабраныя гісторыі людзей, якія размаўляюць па-беларуску ў сваёй краіне і маюць з гэтага нямала праблемаў.
Аўтарка выданьня — моўная актывістка Аліна Нагорная, сузаснавальніца разам з мужам Ігарам Случаком ініцыятывы «Ўмовы для мовы». Гэта ўжо не дэбютная праца: раней яны выдалі дапаможнік пра абарону моўных правоў з адпаведнай назвай — «Абаронім мову!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дамагчыся беларускай мовы на ўпакоўцы прадуктаў? Відэаінструкцыя ад Нагорнай і Случака