Выступ Уладзіміра Пуціна адбыўся за некалькі дзён да першай гадавіны пачатку расейскай вайны супраць Украіны.
Пуцін сярод іншага заявіў, што Расея прыпыняе свой удзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеньнях. Паводле Пуціна, РФ з дамовы не выходзіць, аднак выконваць яе ня будзе:
«У Вашынгтоне задумваюцца аб выпрабаваньнях ядзернай зброі. Таксама ў ЗША ідзе распрацоўка новых тыпаў ядзерных боепрыпасаў. Мы павінны быць гатовыя да выпрабаваньняў нашай ядзернай зброі. Першымі, мы, зразумела, рабіць гэта не будзем. Але калі ЗША выпрабуюць, мы таксама выпрабуем»,—заявіў ён.
Апошнюю дамову паміж Расіяй і ЗША аб мерах па далейшым скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў падпісалі ў 2010 годзе. Дамова прадугледжвае, што Расея і ЗША скарачаюць колькасьць разгорнутых ядзерных боезарадаў да 1550 адзінак, міжкантынэнтальных балістычных ракет, балістычных ракет падводных лодак і цяжкіх бамбавікоў — да 700 адзінак.
Пуцін таксама сказаў, што перад вайной «Кіеў рабіў спробы атрымаць ядзерную зброю», а цяпер «Украіна заняволеная Захадам, дзе яе рыхтавалі да вялікай вайны». У Кіеве шмат разоў адмаўлялі імкненьне атрымаць ядзерную зброю.
5 сьнежня 1994 году быў падпісаны дакумэнт пра вывад ядзернай зброі зь Беларусі і Ўкраіны, ён атрымаў назву «Будапэшцкі мэмарандум». Паводле яго, ЗША, Вялікая Брытанія і Расея абавязваліся паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існыя межы Ўкраіны, устрымлівацца ад пагрозаў або прымяненьня сілы і эканамічнага ціску, дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН з мэтай аказаньня дапамогі Ўкраіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываньнем ядзернай зброі.
Такія ж абавязаньні распаўсюджваліся на Беларусь і Казахстан.
Акрамя таго, кіраўнік Расеі сказаў, што нібыта «Захад гуляў „мечанымі картамі“ і ўпіваецца сваім вераломствам, называючы „Менск-2“ спэктаклем і блефам».
Пры гэтым экс-памочнік Пуціна Ўладзімір Суркоў на мінулым тыдні прызнаў, што, распрацоўваючы Менскія пагадненьні, не разьлічваў на іх выкананьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-памочнік Пуціна прызнаў, што, распрацоўваючы Менскія пагадненьні, не разьлічваў на іх выкананьнеАпраўдваючы вайну супраць Украіны, Пуцін сказаў, што мэта Захаду — «адарваць ад Расеі гістарычныя тэрыторыі, якія сёньня называюцца Ўкраінай», і, чым больш дальнабойных сродкаў Захад будзе даваць Кіеву, тым далей РФ будзе вымушана адсоўваць пагрозу ад сябе, а «перамагчы Расею на полі бою немагчыма».
Гаворачы пра эканоміку, Пуціна сказаў, што нельга трываць сытуацыю, каб кіраўнікі буйных расейскіх кампаній былі залежныя ад Захаду. Паводле яго, яны павінны «працаваць на краіну, на яе нацыянальнае разьвіцьцё». Пра страчаныя актывы на Захадзе ён выказаўся так: «Ня варта чапляцца за мінуўшчыну, спрабаваць нешта адсудзіць».
ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Эўразьвяз, Японія і іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну, і на Беларусь — за саўдзел у агрэсіі. Многія заходнія кампаніі самі пакінулі расейскі і беларускі рынкі. Сотні мільярдаў даляраў расейскіх грошай заблякаваныя на Захадзе.
Пасьля выступу Ўладзіміра Пуціна, на наступны дзень, абедзьве палаты расейскага парлямэнту павінны правесьці пазаплянавыя паседжаньні, увечары ў Маскве заплянаваны масавы мітынг-канцэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі засакрэцілі закупкі шпіталя, зь якіх вынікала, што Пуцін нібыта хворы на анкалёгіюВыступ Пуціна адбываецца на фоне прыезду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна ва Ўсходнюю Эўропу. Ён наведаў Кіеў 20 лютага, а 21 лютага Байдэн знаходзіцца ў Варшаве. Прэзыдэнт ЗША выказаў поўную падтрымку Ўкраіне, Белы дом неаднаразова даваў вайсковую дапамогу ўкраінскаму войску.
«Калі Пуцін пачаў уварваньне каля году таму, ён думаў, што Ўкраіна слабая, а Захад падзелены. Ён думаў, што зможа атрымаць верх над намі. Але ён моцна памыляўся», — заявіў Байдэн падчас візыту ва Ўкраіну.
21 лютага ў 17:30 чакаецца праграмны выступ Джо Байдэна ў Варшаве да першай гадавіны пачатку расейскай вайны супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Франак Вячорка: Вайна ня скончыцца, пакуль ня скончыцца гібрыдная акупацыя БеларусіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.