На поўдні Турэччыны адбыўся новы моцны землятрус

Наступствы папярэдняга землятрусу ў турэцкім горадзе Ад'яман, 17 лютага 2023 году

У турэцкай правінцыі Хатай адбыўся новы землятрус магнітудай 6,4. Падземныя штуршкі адчуваліся ў суседніх правінцыях, а таксама ў Сырыі, Эгіпце і Лібане.

Паводле DW, у правінцыі Хатай на паўднёвым усходзе Турэччыны, у раёне мяжы з Сырыяй, адбыўся новы моцны землятрус. Яго магнітуда склала 6,3, паведаміў увечары ў панядзелак, 20 лютага, Эўрапейска-Міжземнаморскі сэйсмалягічны цэнтар (EMSC). Па дадзеных сейсмалягічнага цэнтру Кандзілі ў Стамбуле, магнітуда штуршкоў склала 6,4.

Паведамляецца, што эпіцэнтар знаходзіўся ў раёне гораду Самандаг на беразе Міжземнага мора. Падземныя штуршкі таксама адчуваліся ў суседніх турэцкіх правінцыях, а таксама на поўначы Сырыі, у Эгіпце і Лібане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў землятрусу ў Турэччыне і Сырыі перавысіла 46 тысяч чалавек

Па словах відавочцаў, былі пашкоджаны некалькі будынкаў у горадзе Антальля на поўдні Турэччыны, перадае агенцтва Reuters. Прадстаўнік дабрачыннай арганізацыі SAMS расказаў, што ў некалькіх гарадах паблізу сырыйскага Алепа зноў абрынуліся дамы.

  • Землятрус магнітудай 7,8 на паўднёвым усходзе Турэччыны і ў паўночна-заходняй Сырыі адбыўся ў ноч на 6 лютага ў выніку сутыкненьня Арабійскай пліты з Усходне-Эўрапейскай плятформай. Яшчэ адзін землятрус, магнітудай 7,7, адбыўся ў цэнтральнай частцы Турэччыны ў той жа дзень. У краіне да 12 лютага абвешчаная нацыянальная жалоба.
  • Тысячы жыхароў пацярпелых гарадоў засталіся без жытла, разбураныя тысячы будынкаў, у тым ліку шпіталі, школы і шматкватэрныя дамы.
  • Больш за 12 000 ратавальнікаў са службаў па надзвычайных сытуацыях і 9000 вайскоўцаў занятыя на расчыстцы завалаў і пошуку тых, хто выжыў і хто загінуў.
  • Выратавальныя каманды і мэдыкі прыбылі ў Турэччыну і Сырыю з 70 краінаў. ААН выдзеліла 25 мільёнаў даляраў са свайго надзвычайнага фонду на аказаньне тэрміновай гуманітарнай дапамогі пацярпелым у Турэччыне і Сырыі.