Сьвятлана Ціханоўская заклікала «Эўранэст» фармалізаваць удзел прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі ў паседжаньнях Парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства:
«Мы вельмі спадзяёмся, што Парлямэнцкая асамблея «Эўранэст» фармалізуе ўдзел беларускіх дэмакратычных сіл і палітычных партый. 10 месцаў, зарэзэрваваных для Беларусі, не павінны быць пустымі. Голас беларусаў таксама мае быць пачуты», — сказала яна.
Ціханоўская заявіла, што беларусы сёньня маюць справу з падвойным крызісам: з аднаго боку, у краіне назіраецца крах дэмакратыі і правоў чалавека, а зь іншага — пагроза існаваньню беларускай дзяржавы. Паводле Ціханоўскай, менскі рэжым аддае сувэрэнітэт і зьнішчае нацыянальную ідэнтычнасьць дзеля задавальненьня патрабаваньняў Крамля:
«Відавочна, што Лукашэнка зрабіў усё, чаго хацеў ад яго Пуцін у агрэсіі супраць Украіны. І ён павінен несьці поўную адказнасьць за злачынствы, учыненыя Расеяй ва Ўкраіне. Але часам я чую галасы, што Лукашэнка — ахвяра і яго трэба ратаваць. Ня будзем наіўныя — пакуль у Менску кіруе Лукашэнка, пагроза Ўкраіне і ўсёй Эўропе будзе пастаяннай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская папрасіла Google i Youtube прадухіліць дыскрымінацыю беларускай мовыНа думку Сьвятланы Ціханоўскай, драматычныя падзеі 2020 і 2022 гадоў назаўжды зьмянілі беларускае грамадзтва. У 2020 годзе, калі пачаліся пратэсты, у іх не было геапалітычнага складніка, сказала яна. Аднак з 2020 году сярод простых беларусаў праэўрапейскія настроі ўвесь час растуць:
«Людзі жадаюць быць зьвязаныя не з агрэсарам, а з Эўропай.
Неабходна падтрымліваць праэўрапейскія памкненьні беларусаў. І мы вельмі спадзяёмся, што Эўропа будзе трымаць дзьверы адчыненымі для беларускага народу. Мы не гаворым цяпер аб членстве ў Эўразьвязе. Размова ідзе аб міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве, праектах у рамках Усходняга партнэрства, удзеле дэмакратычнай Беларусі ў міжнародных мерапрыемствах і форумах. Мы жадаем быць надзейным партнэрам і суседам. І ў нас няма іншай будучыні, акрамя як у Эўропе».
Выступ Ціханоўскай адбыўся празь відэасувязь.
У паседжаньні Эўранэсту бяруць удзел прадстаўнік Ціханоўскай па Канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і прадстаўнікі палітычных партый Беларусі.
- У чэрвені 2021 году ў адказ на заходнія санкцыі Беларусь прыпыніла сяброўства ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і зрабіла іншыя захады.
- Праграма Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.
- Праз праблемы з правамі чалавека і замарожваньнем дачыненьняў з Эўразьвязам у папярэднія гады Беларусь ня ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках «Усходняга партнэрства». Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе ў Празе.