У Польшчы хуткімі тэмпамі расьце колькасьць працаўладкаваных кіроўцаў-дальнабойнікаў зь Беларусі, у 2022 годзе іх прыток прыкметна паскорыўся. Лічбы прыводзіць польскі профільны сайт 40ton.net са спасылкай на даклад Галоўнай інспэкцыі аўтамабільнага транспарту Польшчы.
Статыстыка фіксуе колькасьць выдадзеных сьведчаньняў кіроўцы — такі дакумэнт павінны атрымліваць усе іншаземцы з краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, для працаўладкаваньня кіроўцам-міжнароднікам у польскіх перавозчыкаў.
У 2022 годзе беларусы атрымалі ў Польшчы 36 649 пасьведчаньняў кіроўцы. Гэта нашмат больш, чым год таму: у 2021-м такіх дакумэнтаў грамадзянам Беларусі выдалі 22 378. А ў 2020-м іх было ўсяго 15 307.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь абмежавала ўезд польскіх грузавікоў у адказ на закрыцьцё пераходу БаброўнікіПры гэтым беларускія дальнабойнікі ўсё хутчэй даганяюць украінцаў у колькасьці. Так, украінскія кіроўцы ў 2022-м атрымалі ў Польшчы 59 108 сьведчаньняў, г. зн. на аднаго новага дальнабойніка зь Беларусі прыпадае 1,6 з Украіны. У 2021 годзе, калі ўкраінцы атрымалі 60 960 сьведчаньняў, суадносіны былі 1 да 2,7, а годам раней — 1 да 3,2.
Як адзначае 40ton.net, да такой зьмены тэндэнцый на рынку працы кіроўцаў прывяла, відавочна, вайна ва Ўкраіне, якая абмежавала прыток кіроўцаў адтуль. Адначасова вялікую ролю адыгралі санкцыі супраць Беларусі — забарона беларускім перавозчыкам на перамяшчэньне па Эўразьвязе. Гэта прымусіла многіх кіроўцаў пакінуць беларускія фірмы і шукаць працу ў перавозчыкаў, зарэгістраваных у Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на беларускіх межах. Мапа дзейных і закрытых пунктаў пропуску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі падрыхтаваў законапраект «Аб народным апалчэньні» на выпадак ваенных дзеяньняў