Працэс Паўла Белавуса праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Менска ў выязным пасяджэньні судовай калегіі Менскага гарадзкога суду, паведамляе «Вясна». Справу вядзе судзьдзя Жана Брысіна.
Першапачаткова суд быў у адкрыты, але ў самым пачатку судовага паседжаньня дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме «з мэтай прадухіленьня разгалошваньня інфармацыі, разьмешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі».
Суд задаволіў гэта хадайніцтва. Цяпер суд над палітвязьнем будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Паўла Белавуса абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем).
Паводле Сьледчага камітэту, Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі».
Хто такі Павал Белавус
Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.
«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.
(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка. — РС).
Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»
У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.
Зрабіў вышыванкі ізноў моднымі, папулярызаваў беларускую культуру
Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.
У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.
Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.