У «чорны сьпіс» РНБА ўключыла 331 чалавека. Таксама пад абмежаваньні, многія зь якіх уведзены тэрмінам на 10 гадоў, трапіла Маскоўская біржа.
Колішні прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас у санкцыйным сьпісе пад 166-м нумарам. Супраць яго ўвялі блякаваньне актываў, забарону на гандлёвыя апэрацыі, транзыт, абмежаваньні на вывад капіталу, прыпыненьне эканамічных і фінансавых абавязацельстваў, ануляваньне ліцэнзій, забарона на ўдзел у прыватызацыі, набыцьцё зямельных участкаў, пазбаўленьне дзяржузнагарод.
Але невядома, ці меў Румас нейкія капіталы на тэрыторыі Ўкраіны. Аднак вядома, што ён наведваў Кіеў і, магчыма, нейкі час праводзіў там у справах у 2021 годзе.
Румас узначаліў урад Рэспублікі Беларусь у жніўні 2018 году і быў прэм’ерам да чэрвеня 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што адправіў прэм’ера Румаса ў адстаўку ў тым ліку празь ягоную пазыцыю па каранавірусеНа пачатку чэрвеня 2020 году Аляксандар Лукашэнка адправіў Сяргея Румаса ў адстаўку, патлумачыўшы кадравую перастаноўку неабходнасьцю «перафарматаваньня» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Падчас поствыбарных пратэстаў жонка Румаса Жанна апублікавала ў сацсетках сумесны з мужам здымак на фоне пратэстоўцаў, бел-чырвона-белых сьцягоў і подпісам «з гонарам за беларусаў». Сам былы прэм’ер публічна ані падтрымліваў пратэсты супраць афіцыйных вынікаў выбараў, ані выказваўся ў падтрымку ўлады.
На пачатку лютага 2021 году ў шэрагу СМІ зьвяліся зьвесткі пра магчымы арышт Сяргея Румаса ў Беларусі разам з шэрагам набліжаных да яго банкіраў і бізнэсоўцаў. Гаворка ішла найперш пра мэнэджараў «Белаграпрамбанку».
Сям’я былога прэм’ера зьняпраўдзіла чуткі пра яго арышт, запэўніўшы журналістаў, што ён усяго толькі ад’яжджаў па справах у Лёндан і Кіеў. У красавіку зьявіліся афіцыйныя паведамленьні аб прызначэньні Сяргея Румаса ў назіральную раду расейскага «Россельхозбанка».
Цяпер Сяргей Румас працуе ў маскоўскім офісе «Россельхозбанка». Выглядае, што ў выпадку неабходнасьці ён без праблем прыяжджае ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адкрыў Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы заклікам паскорыць вайсковую дапамогу Ўкраіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У офісе Зяленскага заявілі, што бачаць у Лукашэнку разуменьне разьвіцьця вайны, а ў сустрэчы зь Ціханоўскай не адчуваюць карысьці