У Гішпаніі прынялі закон, які прадугледжвае «мэнструальны адпачынак»

Гішпанскія дэпутаты прагаласавалі за наданьне аплатнага водпуску па хваробе жанчынам, якія пакутуюць ад моцных мэнструальных боляў.

Закон прыняты 185 галасамі супраць 154, паведамляе Le Monde. Гішпанія стала першай эўрапейскай краінай, якая прыняла такое заканадаўства.

Закон дазваляе браць неабмежаваную колькасьць адпачынкаў жанчынам, якія адчуваюць мэнструальныя болі. Іх будзе аплочваць дзяржаўная сыстэма грамадзкага забесьпячэньня. Як і ў выпадку з аплатным адпачынкам зь іншых паказаньняў па стане здароўя, часовую непрацаздольнасьць павінен зацьвердзіць лекар.

Паводле Гішпанскага таварыства гінэкалёгіі і акушэрства, каля траціны жанчын падчас мэнструацыі пакутуюць ад моцных боляў.

Мэнструальны адпачынак цяпер ёсьць толькі ў невялікай колькасьці краінаў сьвету, у тым ліку ў Японіі, Інданэзіі і Замбіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Шатляндыі тампоны і пракладкі зрабілі бясплатнымі для жанчын

Гэтая мера выклікала рознагалосьсі як сярод гішпанскіх палітыкаў, так і сярод прафсаюзаў: UGT, адзін з найбуйнейшых прафсаюзаў Гішпаніі, папярэдзіў, што гэта можа стыгматызаваць жанчын на працоўным месцы і садзейнічаць найму мужчын.

Заканадаўства зьяўляецца часткай шырэйшай рэформы рэпрадуктыўнага здароўя, якая таксама прадугледжвае зьмены ў законы Гішпаніі аб абортах. Новы закон таксама дазваляе непаўналетнім рабіць аборты без дазволу бацькоў ва ўзросьце 16-17 гадоў.

Акрамя гэтага, гішпанскія заканадаўцы ўхвалілі закон, які дазваляе любому чалавеку з 16 гадовага ўзросту зьмяніць пол у сваім пасьведчаньні асобы з дапамогай простай заявы. Першай у Эўропе краінай, якая дала такое права ў 2014 годзе, стала Данія. Да гэтага часу дарослыя ў Гішпаніі маглі запытаць зьмену полу толькі з мэдыцынскім заключэньнем, якое пацьвярджае гендэрную дысфарыю, і пацьвярджэньнем гарманальнага лячэньня на працягу двух гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маціца ці пэніс не вызначаюць лёс». Экспэртка тлумачыць, як гендэрная тэорыя робіць людзей больш спагадлівымі