Парлямэнт Шатляндыі 24 лістапада аднагалосна ўхваліў закон аб бясплатным доступе жанчын да сродкаў асабістай гігіены падчас мэнструацыі, паведамляецца на сайце заканадаўчага органу.
Мэтай законапраекту дэпутаткі Монікі Лэнан зьяўляецца барацьба з «period poverty» — сытуацыяй, калі чалавек ня можа сабе дазволіць купіць прызначаныя для мэнструацыі гігіенічныя сродкі. На яе думку, гэтыя сродкі зьяўляюцца прадметам першай неабходнасьці, і забесьпячэнне доступу да іх вельмі важнае.
Урад Шатляндыі цяпер павінен распрацаваць агульнанацыянальную сыстэму, якая забясьпечыць бясплатны доступ жанчын да гігіенічных сродках. Урад таксама атрымае права патрабаваць ад дзяржаўных органаў даваньня бясплатных тампонаў і пракладак для жанчын.
Як піша DW, у адпаведнасьці з законам, таксама тампоны і пракладкі можна будзе атрымаць бясплатна ў спэцыялізаваных грамадзкіх месцах, такіх як культурна-спартовыя цэнтры, моладзевыя клюбы і аптэкі.
Падаткаплатнікам новаўвядзеньні абыдуцца ў 24 млн фунтаў ($ 32 млн).
Прэм’ер-міністар Шатляндыі Нікола Стэрджэн адзначыла, што ганарыцца тым, што можа прагаласаваць за гэты наватарскі закон і зрабіць Шатляндыю першай краінай у сьвеце, якая забясьпечыла бясплатны доступ да мэнструальных прадуктаў. Паводле яе, гэта «важная палітыка для жанчын і дзяўчат».
У Шатляндыі з 2018 году забясьпечваюць бясплатнымі сродкамі асабістай гігіены ўсіх вучаніц ва ўсіх адукацыйных установах. На гэтыя мэты шатляндзкі ўрад раней выдзяліў 5,2 млн фунтаў стэрлінгаў.
«Доступ да сродкаў асабістай гігіены павінен быць асноўным чалавечым правам, але ў Шатляндыі ня кожны можа сабе гэта дазволіць. Менавіта таму я хачу прапанаваць законапраект, дзякуючы якому ўрад будзе забясьпечваць бясплатнымі сродкамі асабістай гігіены ўсіх, хто ў іх мае патрэбу», — заяўляла тады ў інтэрвію BBC Моніка Лэнан.
Паводле падлікаў, у Шатляндыі на сродкі гігіены падчас мэнструацыі ў сярэднім траціцца каля 13 фунтаў стэрлінгаў.