Ці атрымаў Лукашэнка ад Пуціна патрэбныя адказы

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Масква, 17 лютага 2023 году

Думаю, Лукашэнку цікавілі пляны Крамля адносна вайны ва Ўкраіне. Можна меркаваць, што Крэмль ня ставіць Лукашэнку ў вядомасьць, як далей Масква мяркуе выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю ў мэтах вайны супраць Украіны.

Сьцісла:

  • Лукашэнка зь іроніяй прызнаў, што калі гаспадар запрашае, то адмовіць нельга.
  • Тое, што казаў Лукашэнка, выглядала як справаздача перад Пуціным.
  • Беларускі ўладар апавядаў, як патрачаныя расейскія крэдыты на выкананьне замоваў расейскага ВПК.
  • Лукашэнка хацеў бы адаптавацца да крамлёўскіх плянаў.

Летась Лукашэнка з Пуціным сустракаліся 13 разоў — больш чым раз на месяц. Сёлета прайшло ўжо паўтара месяца, і гэта першыя іх перамовы сам на сам. Калі кіравацца леташнім графікам, то перапынак даволі вялікі.

Вельмі паказальны пачатак перамоваў:

У. Пуцін: Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Дзякуй, што пагадзіліся прыехаць.

А. Лукашэнка: Як быццам я мог не пагадзіцца.

Адказ Лукашэнкі вельмі красамоўны, ён вельмі шмат кажа пра двухбаковыя адносіны, пра сёньняшні статус беларускага ўладара. Сказана было з іроніяй. Аднак гэта якраз той выпадак, калі кажуць, што ў кожным жарце толькі частка жарту, астатняе праўда. Іроніяй не ўдалося схаваць падсьвядомыя імпульсы, якія вылезьлі на паверхню: калі гаспадар запрашае, то што застаецца рабіць, адмовіць нельга.

На пачатку сустрэчы пад тэлекамэры Лукашэнка і Пуцін шмат казалі пра эканамічныя адносіны, каапэрацыю, імпартазамяшчэньне. Хваліліся посьпехамі. Усё выглядала вельмі аптымістычна, маўляў, ніякіх праблем. Лукашэнка паведаміў, што саюзныя праграмы з Расеяй, якіх усяго налічваецца 28, ужо выкананы на 80 працэнтаў. То бок эканамічная інтэграцыя блізкая да завяршэньня.

Тое, што казаў, Лукашэнка, выглядала як справаздача перад Пуціным. Беларускі ўладар апавядаў, як патрачаны расейскія крэдыты на імпартазамяшчэньне, як выконваюцца замовы расейскага ВПК. І заявіў, што беларускія вытворцы нават «гатовыя выйсьці на вытворчасьць самалёта Су-25, па-мойму, які сябе добра на Украіне паказвае». Гэта з улікам таго, што ў Беларусі існуюць толькі заводы па рамонту самалётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін? Абмеркаваньне экспэртаў

Яшчэ адна знакавая заява: «Усё, аб чым мы дамаўляліся з вамі ў свой час, зусім нядаўна, месяцы тры таму, па абароне і бясьпецы, беларускі бок 100 працэнтаў выканаў у мінулым годзе. І нават больш зрабілі». Можна меркаваць, што гаворка ідзе ня толькі пра выкананьне замовы расейскага ВПК, але пра падтрымку расейскага войска на тэрыторыі Беларусі.

Пуцін сказаў, што глядзеў прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі (якая, дарэчы, не трансьлявалася ўжывую) мінулым днём, і яна яму спадабалася. Цяпер зразумела дзеля каго беларускі кіраўнік так зацята лаяў Захад, Украіну, Зяленскага, і хваліў Пуціна.

Аднак, думаю, сапраўдны зьмест перамоваў застаўся за кадрам. Можна толькі будаваць вэрсіі, што было галоўным пытаньнем падчас сустрэчы.

Варта нагадаць, што месяц таму, калі Менск наведаў міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, Лукашэнка, прымаючы яго, папрасіў усіх астатніх удзельнікаў перамоваў пакінуць кабінэт, каб паразмаўляць з пасланцам Крамля сам на сам. І сказаў загадкавую фразу: «Ёсьць пытаньні за рамкамі нашых сёньняшніх афіцыйных мерапрыемстваў». Лукашэнка хацеў атрымаць нейкую важную інфармацыю.

Падаецца, што так званая «Вялікая размова» з Лукашэнкам, заплянаваная першапачаткова на 14 лютага, была перанесеная на няпэўны тэрмін з прычыны таго, што ён хацеў дачакацца перамоваў з Пуціным і ўжо потым сустракацца з журналістамі.

Што так настойліва хацеў даведацца Лукашэнка, якія ваенныя тайна Крамля выведаць?

Думаю, яго цікавілі пляны Расеі адносна вайны ва Ўкраіне. З моманту візыту Пуціна ў Менск і паездкі Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург у сьнежні летась адбылося шмат падзеяў. Зьмяніўся камандуючы расейскімі войскамі ва Ўкраіне. Зьявілася шмат інфармацыі, што Расея рыхтуе вялікі наступ на фронце. Можна меркаваць, што Крэмль ня ставіць Лукашэнку ў вядомасьць і адносна расейскіх плянаў у Беларусі, як далей Масква мяркуе выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю ў мэтах вайны супраць Украіны. Ад веданьня гэтых плянаў, ад таго, як будзе ісьці далей вайна ва Ўкраіне, шмат у чым залежыць лёс лукашэнкаўскага рэжыму. Лукашэнка хацеў бы адаптавацца да крамлёўскіх намераў.

Невядома, ці атрымаў Лукашэнка патрэбныя адказы, ці дасягнуў мэты візыту.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.