Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта адказаў на пытаньне журналіста пра мэту свайго візыту ў Менск 13 лютага, заявіўшы, што перадаў беларускаму боку просьбу не рабіць захадаў, якія могуць прывесьці да зацягваньня або пашырэньня вайны ва Ўкраіне, піша Magyar Hírlap.
«Я сказаў пра гэта сваім беларускім партнэрам і папрасіў іх, як мы просім усіх чальцоў міжнароднай супольнасьці, не рабіць ваяўнічых крокаў, крокаў, якія могуць прывесьці да зацягваньня вайны ў часе або, у залежнасьці ад абставінаў, яе геаграфічнага пашырэньня», — падкрэсьліў ён.
Ён таксама назваў фантазіяй гіпотэзы, што ў Менску ён мог сустракацца з прадстаўнікамі РФ, заявіўшы, што калі б ён хацеў весьці перамовы з расейцамі, то паехаў бы ў Маскву.
«Ні я, ні хто-небудзь з чальцоў маёй дэлегацыі ня вёў перамовы ні з кім, акрамя беларускіх перамоўнікаў», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыляцеў кіраўнік МЗС Вугоршчыны. Ён хоча прадставіць «пазыцыю міру»Пэтэр Сіярта прылятаў у Менск 13 лютага. Гэта першы падобны візыт з 2020 году. Папярэдні раз прадстаўнік Вугоршчыны пабываў у Беларусі 5 чэрвеня 2020 году, яшчэ да сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і хвалі масавых рэпрэсій. Тады Беларусь з афіцыйным візытам наведаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Пасьля таго прадстаўнікі краін Эўразьвязу на ўзроўні прэм’ераў ці кіраўнікоў МЗС у Беларусь не прыяжджалі.
Вугоршчына ад самага пачатку поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны 24 лютага 2022-га займала неадназначную пазыцыю, адрозную ад большасьці краін Эўразьвязу, куды сама ўваходзіць. Кіраўніцтва дзяржавы, у тым ліку асабіста Сіярта, выказвалася супраць перадачы ўзбраеньняў Украіне, нібыта праз засьцярогу наконт вугорскага насельніцтва ўкраінскага Закарпацьця.
Прэм’ер-міністра Віктара Орбана і Сіярта абвінавачвалі ў празьмернай супрацы з Масквой. Вугоршчына стала адной з краін, якія адхілілі прапанову забараніць расейцам атрымліваць шэнгенскія візы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь якой місіяй прыехаў у Менск вугорскі міністар і пры чым тут Крэмль і КіпрАдносна ўвядзеньня Эўразьвязам «столі» на цану расейскай нафты Пэтэр Сіярта заявіў, што яго краіна «шмат змагалася» за нацыянальныя інтарэсы падчас перамоваў у Эўразьвязе, у выніку чаго была вызваленая ад неабходнасьці прымяненьня гэтых захадаў адносна сябе.
У ліпені 2022 году Сіярта наведаў Маскву, дзе сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Тады ж Віктар Орбан выказаўся за мірныя перамовы, заявіўшы, што Эўразьвязу ня варта рабіць стаўку на перамогу Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі вугорцы дамовіцца з Лукашэнкам ня змогуць, то Эўразьвяз нічога не губляе», — палітоляг Кудзько пра візыт вугорскага міністра ў Менск