«Першая сэрыя пра Ціханоўскага зьнятая». Што робіць Курэйчык для Беларусі ў адным з найпрэстыжнейшых унівэрсытэтаў ЗША

Андрэй Курэйчык, каляж

Драматург, рэжысэр, грамадзкі дзеяч і сябра Каардынацыйнай рады Андрэй Курэйчык расказвае ў эфіры Свабоды Premium пра тое, як стаў выкладчыкам Ейльскага ўнівэрсытэту ЗША і як перайшоў з расейскай мовы на беларускую.

Ён тлумачыць, чаму ўвайшоў у рэфармаваную Каардынацыйную раду і чаму сябры рады ўжо чацьвёрты тыдзень абмяркоўваюць рэглямэнт. Курэйчык расказаў пра свае новыя праекты, датычныя Беларусі, і патлумачыў, што адбываецца з сэрыялам «Акрэсьціна».

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • У праграме Yale World Fellow Ейльскага ўнівэрсытэту былі Слава Вакарчук з Украіны, Аляксей Навальны з Расеі. Зь беларусаў я першы. Пасьля заканчэньня праграмы мне зрабілі прапанову працаваць тут. Цяпер я выкладчык па тэме «Мастацтва супраціву», «Беларуская літаратура і кіно», а таксама дасьледчык па тэме «Галакост у Беларусі».
  • Ідзе паступовае паглынаньне Расеяй нашай інфармацыйнай і культурнай прасторы, фактычнае зьнішчэньне беларушчыны і беларускасьці. Гэта патрабуе ад тых, хто за мяжой, утроіць, удзесяцярыць працу, каб гэта захаваць і разьвіць, каб потым, калі будзе магчымасьць, вярнуць усё ў Беларусь.
  • Калі нехта хоча данесьці свае погляды ці выпрацаваць стратэгію, то лепшага месца, чым Каардынацыйная рада, не знайсьці. Як зрабіць, каб гэта быў не базар, а эфэктыўная з пункту гледжаньня прыняцьця рашэньняў арганізацыя? І тут ёсьць праблемы, бо людзі розныя. Вось зараз мы працуем над рэглямэнтам, і гэта працягваецца ўжо амаль чатыры тыдні.


«Я быў першым беларусам, запрошаным сюды за ўсю гісторыю праграмы Yale World Fellow»

— Андрэй, чым вы цяпер займаецеся ў Амэрыцы, наколькі гэта зьвязана зь беларускай сытуацыяй?

— Зараз я працую ў Ейльскім унівэрсытэце ў горадзе Нью-Гэйвэн у штаце Канэктыкут, і гэта зьвязана зь Беларусьсю. Мяне запрасілі сюды на праграму глябальнага лідэрства Yale World Fellow 2022.

Я быў першым беларусам, запрошаным сюды за ўсю гісторыю гэтай праграмы. Раней тут былі і Слава Вакарчук з Украіны, і Аляксей Навальны з Расеі, і шмат іншых цікавых людзей. Але зь беларусаў я першы. Пасьля заканчэньня праграмы мне зрабілі прапанову застацца і працаваць тут. І цяпер я выкладчык па тэме «Мастацтва супраціву», «Беларуская літаратура і кіно». Я таксама дасьледчык у тэме «Галакост у Беларусі». Гэта цікавая праца на бліжэйшыя гады.

— Я хацела папрасіць пракамэнтаваць нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, які запатрабаваў выйсьці на раўнадолевае фінансаваньне тэатраў: бюджэтныя субсыдыі павінны быць роўныя аб’ёму сродкаў, заробленых тэатрам самастойна. Працытую: «Якія вы яшчэ грошы ў мяне просіце? 50% мы даём тэатрам датацыю. Тым тэатрам практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за зьнішчэньне дзяржавы», — заявіў Лукашэнка. Якая ваша ацэнка, ваша пазыцыя што да таго, як павінны фінансавацца тэатры?

— Сапраўды, у 2020 годзе амаль усе беларускія тэатры выступілі за свабодныя выбары і супраць гвалту. Гэта прыемна зьдзівіла. Узначаліў гэты рух нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы, які пасьля гэтага быў фактычна зруйнаваны Аляксандрам Лукашэнкам. Ці могуць свабодныя выбары або пратэсты супраць гвалту зруйнаваць дзяржаву? Мне здаецца, наадварот. Зразумела, што ён лічыць, што дзяржава — гэта ён.

Зразумела, што тэатры могуць зарабляць і 100%. Для гэтага трэба там адкрыць казіно, бардэлі, рэстарацыі, шопінг-молы, і яны будуць зарабляць колькі хочаш працэнтаў, але мы ўсё ж гаворым пра мастацтва. Грамадзтва аддае свае падаткі, каб падтрымліваць нацыянальнае мастацтва і датаваць найбольш таленавітых людзей, і гэта ў працэнтах ня лічыцца. Лічыцца ў таленце, у зусім іншых катэгорыях. Зразумела, што гэтыя катэгорыі недаступныя для ўлады. Найбольш таленавітыя акторы, рэжысэры, драматургі зьехалі з краіны. Тое, што засталося, так сабе, я б сказаў. І патрабаваць ад іх яшчэ нешта зарабляць? Ня ведаю. Хай гандлююць у тэатры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта Z-сыфіліс». Кныровіч пра звар’яцелага старога і свой досьвед пераходу на беларускую мову

«Я вырашыў на ўзроўні Ейльскага ўнівэрсытэту найперш прасоўваць ідэі беларушчыны і беларускай мовы»

— Падчас нашай размовы я толькі цяпер усьвядоміла, як вы цудоўна гаворыце па-беларуску. Як перайшлі на беларускую мову?

— Мяне стымулююць беларусы Амэрыкі, якія сапраўды вельмі адданыя беларускай ідэі, беларускай мове. Цяпер я практычна ўсе стрымы на сваім ютуб-канале вяду па-беларуску. На жаль, у акадэмічнай супольнасьці Амэрыкі вельмі шмат інфармацыі пра Ўкраіну, традыцыйна пра расейскую культуру, але амаль няма людзей, якія займаюцца беларускай мовай і літаратурай, няма спэцыялістаў. Таму я вырашыў тут на ўзроўні Ейльскага ўнівэрсытэту найперш прасоўваць ідэі беларушчыны і беларускай мовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Райкін стаў голасам Ашурка. 9 сьнежня прэзэнтавалі фільм Курэйчыка «Галасы новай Беларусі». ВІДЭА

— Пасьля падзеяў 2023 году вы стваралі разам з расейскімі творцамі вельмі моцныя супольныя праекты пра пратэсты, рэпрэсіі, у якіх бралі ўдзел зоркі расейскага мастацтва — Лія Ахеджакава, Канстанцін Райкін ды іншыя. Цяпер маштаб і жорсткасьць рэпрэсій у Беларусі вышэйшыя за тое, што было ў 2020 годзе. Якім чынам у вашай творчасьці, у вашай грамадзкай дзейнасьці адлюстравана тое, што адбываецца ў Беларусі падчас вайны?

— Гэта дакумэнтальная п’еса «Галасы новай Беларусі», прысьвечаная нашым палітвязьням. Прэм’ера адбылася ў Славаччыне, Польшчы і Фінляндыі. Летась увосень у Ейльскім унівэрсытэце мне таксама ўдалося ажыцьцявіць гэты праект. Зроблена шмат перакладаў п’есы. Новыя маналёгі ўвесь час дадаюцца, напрыклад, словы нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. У п’есе маналёгі як вядомых людзей (Мікола Статкевіч, Ігар Лосік, Марыя Калесьнікава), так і простых беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіі.

Я перакананы, што тэма беларускіх палітзьняволеных для міжнароднай супольнасьці павінна быць у фокусе. Таму я і прасоўваю такі праект. Ён зараз існуе на ўкраінскай, польскай, славацкай, фінскай, ангельскай і нямецкай мовах, і мы пашыраем кола моваў. Выканаўцы — розныя тэатры. Мы гэта робім сумесна з прадусарам і перакладчыкам Джонам Фрыдманам, які запусьціў вялікі праект «Абражаныя. Беларусь». Цяпер рассылаем «Галасы новай Беларусі» па розных тэатрах. Дзе я магу асабіста штосьці зрабіць, раблю, іншыя рэжысэры падлучаюцца і робяць ці чыткі, ці пʼесы. За гэтую п’есу ў радыёвэрсіі мы атрымалі нацыянальную ўзнагароду Асацыяцыі радыё і тэлевізіі Фінляндыі. Упершыню іншаземцу далі такі фінскі Оскар (мне, а таксама рэжысэру Samuli Valkama з Хэльсынкі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сцэна расстрэлу на Акрэсьціна ў фільме ёсьць, але гэта сон героя». Рэжысэр Андрэй Курэйчык камэнтуе гарачую дыскусію вакол свайго фільму

«Першая сэрыя пра Ціханоўскага зьнятая, наступную сэрыю я б рабіў пра Бяляцкага»

— У якім стане вытворчасьць сэрыялу «Акрэсьціна»?

— Да вайны мы пасьпелі зьняць пілётную сэрыю. Апошні здымачны дзень быў заплянаваны на 25 лютага, але 24 лютага пачалася вайна. Выканаўца ролі галоўнага героя Яўген Карнавух быў з Херсону, з херсонскага тэатру, а другі наш актор, Ігар Забара, больш за месяц праседзеў пад Бучай у сваім доме ля Кіева. Былі цяжкасьці. У цэлым першая сэрыя пра Ціханоўскага зьнятая.

На жаль, ёсьць праблемы праз тое, што кампанія «Маланка мэдыя» (нядаўна абвешчаная экстрэмісцкім фармаваньнем) ня мае досьведу працы ў вялікім кіно. Усе матэрыялы знаходзяцца ў Вільні ў «Маланка Мэдыя» — відэа, гук, мантаж і ўсё іншае, але, на жаль, пакуль яны выпусьціць гэта ня могуць. У мяне ёсьць надзея, што гэты праект сёлета трапіць да гледача. Гэта не мая кампанія робіць, я тут толькі як творчая адзінка выступаю... Сэрыял варта працягваць. Наступную сэрыю я б рабіў пра Алеся Бяляцкага. Матэрыялу, на жаль, шмат, і гэта наш боль.

— Ня ўспомню аўтара фразы, якая цяпер гуляе па сацыяльных сетках. Сэнс яе такі, што па выніках падзей ва Ўкраіне зьявяцца новыя Васілі Быкавы, а ў Беларусі — новыя Францішкі Аляхновічы. Ва Ўкраіне будуць па-мастацку асэнсоўваць вайну, а ў Беларусі — турму. Ці згодныя вы? Якая беларуская тэма для вас як для творцы найбольш важная? Бачу, што турма, але ня толькі, напэўна.

— Ня толькі. Зараз у Каардынацыйнай радзе я прапанаваў стварыць аб’яднаньне вакол ідэі нацыянальнага адраджэньня. Зараз ідзе паступовае паглынаньне Расеяй нашай інфармацыйнай і культурнай прасторы, фактычна зьнішчэньне беларушчыны і беларускасьці. Гэта патрабуе ад тых, хто за мяжой, утроіць, удзесяцярыць іх працу над тым, каб гэта захаваць і разьвіць, каб потым, калі будзе магчымасьць, вярнуць усё ў Беларусь. Гэта павінна быць першай задачай і першай місіяй тых беларусаў, якія за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Хто ў яе ўвайшоў?

«Ідэя вельмі добрая, але як даходзіць да рэалізацыі, у беларусаў з гэтым цяжка»

— Вы ўвайшлі ў склад рэфармаванай Каардынацыйнай рады. Што рэальна цяпер можа зрабіць Рада? І якая была ваша матывацыя?

— Калі быў першы склад Каардынацыйнай рады, была ідэя, што будуць нейкія перамовы, каб спыніць гвалт, каб неяк цывілізавана вырашыць той грамадзянскі канфлікт, які арганізавала ўлада. На жаль, цывілізаванага вырашэньня не адбылося, чальцоў Каардынацыйнай рады актыўна саджалі, таму мы не маглі паводзіць сябе актыўна ў грамадзтве ці ў інфармацыйнай прасторы. Як толькі рада першага скліканьня пачынала штосьці рабіць, у Менску кагосьці саджалі. Мы працавалі, але не ў інфармацыйнай прасторы. Цяпер іншая сытуацыя...

У жніўні 2022 году Ціханоўскай было прынятае рашэньне, каб зрабіць пляцоўку для розных арганізацый, якія працуюць у сфэры палітыкі і грамадзтва. Больш за сто арганізацый дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў у новы склад Каардынацыйнай рады. Яна стала вялікай, парлямэнцкага тыпу арганізацыяй. Мне здаецца, што гэта можа быць пэрспэктыўна. Калі нехта хоча данесьці свае погляды ці выпрацаваць стратэгію, то лепшага месца не знайсьці.

Там усе — і прадстаўнікі Кабінэту, і сама Сьвятлана Ціханоўская, якая падлучаецца да пасяджэньняў КР, і палітыкі, і грамадзкія дзеячы, і прадстаўнікі дзейных арганізацый і дыяспараў. Можна рабіць што хочаш. Ёсьць і свае цяжкасьці. Першая — як зрабіць, каб гэта быў не базар, а эфэктыўная з пункту гледжаньня прыняцьця рашэньняў арганізацыя. І тут ёсьць праблемы, бо людзі розныя. Нехта мае досьвед у такога кшталту асамблеях, іншыя ня маюць. Вось зараз мы працуем над рэглямэнтам, і гэта працягваецца ўжо амаль чатыры тыдні.

— Як бы вы скептыкам адказалі, што ўсё гэта ніяк не ўплывае на тое, што адбываецца ў Беларусі?

— Будзе ўплываць, бо кожнае аб’яднаньне беларусаў мае патэнцыял уплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі... Гэта дае магчымасьць у аб’яднаным выглядзе выпрацоўваць нейкую стратэгію, у тым ліку і для Аб’яднанага кабінэту, і для Сьвятланы Ціханоўскай, і для нашага руху ў барацьбе за незалежную Беларусь. Зразумела, усё пытаньне ў рэалізацыі. Ідэя вельмі добрая, але як даходзіць да рэалізацыі, у беларусаў з гэтым цяжка. І мы гэта бачылі ў 2020 годзе. Ідэя была добрая, але нашу рэвалюцыю мы вось так рэалізавалі. І тут таксама ёсьць адчуваньне, што на этапе рэалізацыі мы можам страціць нейкія каштоўныя рэчы.

— Цяпер за мяжой вельмі шмат творцаў, якія былі вымушаныя пакінуць свае краіны — як беларускіх, так і расейскіх. Ці бачыце вы патэнцыял для супрацы расейскіх і беларускіх творцаў у кантэксьце такой зьявы, як «адмена расейскай культуры»?

— З гэтым цяжка. Калі мы гаворым пра вузкія мэты, напрыклад, сыход дыктатараў Пуціна і Лукашэнкі, то тут мы можам супрацоўнічаць, бо нашыя мэты супадаюць. Але калі мы гаворым пра культуру, пра мову, то як тут? У мяне беларуская мова, беларуская культура, у іх свая мова, свая культура. Кожны займаецца сваёй працай, сваёй культурнай прасторай. І тут я ня бачу, як сумесьціць у глябальным сэнсе гэтыя дзьве культурніцкія прасторы. У палітыцы, напрыклад, у антываеннай кааліцыі ці антыпуцінскай кааліцыі, можна нешта рабіць сумесна. Ці як была Нобэлеўская прэмія, каб абараняць правы чалавека. Але культура, мова і гэтак далей... Украіна распрацоўвае сваё, мы займаемся сваім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для мастацтва страшная і найпрыгажэйшая рэвалюцыя ў Беларусі стала эфэктнай тэмай». Відэаспэктакль пра Беларусь