Як паведаміла дырэктарка Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце, вынікі анкетаваньня яе вельмі зьдзівілі: кожны дзень ад 10 да 20 грамадзян абедзьвюх краін адказваюць у анкеце, што падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне, разьвязаную Расеяй, піша Vakarų ekspresas.
Паводле Эвеліны Гудзінскайце, гэтыя адказы маюць вырашальнае значэньне для прыняцьця рашэньня аб знаходжаньні ў краіне гэтых грамадзян — тым, хто падтрымлівае вайну, не выдаюць дазвол на жыхарства ў Літве, яны мусяць пакінуць краіну.
Дырэктарка Дэпартамэнту міграцыі Літвы адзначыла, што агулам беларусаў і расейцаў пры падачы дакумэнтаў просяць адказаць на 8 пытаньняў асабістага характару і на 2 — пра стаўленьне да расейскай ваеннай агрэсіі супраць Ўкраіны і прыналежнасьць Крыму.
«Некаторыя кажуць, што яны апалітычныя, што іх не цікавяць гэтыя пытаньні. Але калі ты ў такой сытуацыі і ідзе вайна, ты ня можаш уседзець на двух крэслах. Сапраўды дзіўна, колькі людзей на расейскім баку», — адзначыла Эвеліна Гудзінскайце.
На яе думку, некаторыя даюць падобныя адказы, бо залежаць ад дзяржаўных структур на радзіме — так, напрыклад, расейцы, якія падтрымліваюць Украіну, могуць страціць пэнсіі з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзян Расеі і Беларусі ў анкеце на ДНЖ у Літве пытаюць пра вайну і прыналежнасьць Крыму. ФОТА