Група аналізу пагроз Google у сваёй справаздачы «Туман вайны» назвала шэсьць зьвязаных з расейскімі ўладамі хакерскіх груповак, якія атакуюць Украіну і краіны NATO.
Зь шасьці груповак, якія фігуруюць у справаздачы, адну зьвязваюць зь Беларусьсю. Гэта групоўка PUsHCA, якая займаецца шпіянажам і праводзіць інфармацыйныя кампаніі. Яна яшчэ вядомая як UNC1151.
У 2021 годзе яна правяла кампанію Ghostwriter, у часе якой распаўсюджвала прарасейскія публікацыі, узломлівала навінныя сайты і разьмяшчала на іх фэйкавыя публікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеры ўзламалі сайт парлямэнту ФінляндыіУ 2022 годзе хакеры PUsHCA атакавалі арганізацыі краін NATO, недзяржаўныя інстытуты, а таксама арганізацыі, якія дапамагалі ўкраінскім уцекачам.
«Калі пачаўся канфлікт, група назірала, як PUsHCA праводзіць кампаніі фішынгу ўліковых дадзеных супраць польскіх і ўкраінскіх урадавых і вайсковых арганізацый», — адзначаецца ў справаздачы.
Паводле экспэртаў, PUsHCHA скіроўвала сваю дзейнасьць супраць украінскіх уцекачоў, а а таксама супраць карыстальнікаў з Усходняй Эўропы, асабліва ў Польшчы.
«Здаецца, PUsHCHA атакуе вэб-сайты без разбору, у тым ліку зьвязаныя з рознымі фінансавымі, прамысловымі і камэрцыйнымі арганізацыямі», — адзначаецца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літоўскія чыгункі» ў адказ на пагрозы «расейскіх хакераў» паслалі іх сьледам за «расейскім вайсковым караблём»Экспэрты групы аналізу пагроз Google паведамілі, што беларуская кібэргрупоўка павялічыла колькасьць фішынгавых атак на краіны NATO больш чым на 300% у параўнаньні з 2020 годам. У справаздачы адзначаецца, што гэтую групу падтрымлівае беларускі ўрад і яна цесна зьвязана з Расеяй.
Паводле зьвестак групы аналізу пагроз Google, група кібэршпіянажу PUsHCHA дзейнічае прынамсі з 2016 году. Аб’ектамі яе атак у розны час былі журналісты, СМІ і палітыкі з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы і Нямеччыны.
Усе іншыя групоўкі, згодна з справаздачай, — FrozenBarentz, FrozenLake, Coldrive, FrozenVista і Summit — зьвязаныя з Галоўным упраўленьнем выведкі і Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post: Зь Беларусі праводзілі хакерскія атакі супраць Украіны і ПольшчыВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.