Кіеўскі мэтрапалітэн забясьпечаны дадатковымі месцамі на час паветранай трывогі, якую часта абвяшчаюць у горадзе, бо расейскія войскі працягваюць накіроўваць ракеты на ўкраінскую сталіцу. Удзел у пастаўцы прыняў і фонд BySol.
Кіеўская гарадзкая адміністрацыя знайшла падтрымку за мяжой з дапамогай амбасады Ўкраіны ў Латвіі. Да вырашэньня праблемы далучыліся літоўскі фонд дапамогі Ўкраіне — LITUA kartu, рыская фанэрная фабрыка Latvijas Finieris і Канфэдэрацыя ўкраінцаў Латвіі «Віче». Неўзабаве неабходную мэблю вырабілі.
Шукаючы, хто мог бы зьяднаць усе сілы і арганізаваць дастаўку модульных лавак у Кіеў, украінцы замежжа зьвязаліся зь беларускім фондам BySol. Яго прадстаўніца Марыя «Анімія» (пад такім пазыўным яна працуе ў фондзе) расказала Свабодзе, як беларускі бок далучыўся да праекту.
— У гэтым праекце я хутчэй выступаю як мэнэджар, які дапамагае з рознымі кантактамі і іх спалучэньнем, займаюся плянаваньнем ланцугу сувязяў і паставак ад Літвы да Ўкраіны. Бо ў BySol я ўжо год працую з пытаньнем даставак, таму магу выкарыстоўваць свой досьвед для новых партнэрскіх адносін. З гэтай прычыны я займалася і гэтым праектам з нашага боку. На яго старце я была адзінай беларускай, хто браў чынны ўдзел, але гэта быў толькі пачатак — далейшыя крокі запатрабавалі больш увагі, людзей і намаганьняў, — кажа Марыя.
Яна адзначыла, што ўключэньне ў праект пастаўкі Кіеўскаму мэтрапалітэну модульных лавак адбылося на просьбу ўкраінскага боку. Хоць першую партыю ўжо ўдалося арганізаваць, наладжваньне працэсаў камунікацыі яшчэ ідзе.
— Пакуль уключэньне ў праект адбылося менавіта ў пытаньнях перавозкі і лягістыкі, якую мы робім з рознымі партнэрамі. Аб гэтым прасіў украінскі бок. Тут беларусы, хто гэтак жа, нароўні з суседнімі народамі, цяпер уключаецца ва ўсе магчымасьці дапамогі Ўкраіне, не адмовілі. У далейшым мы будзем павялічваць і аб’ёмы паставак і, магчыма, уключымся ў супрацоўніцтва ня толькі зь лягістыкай.
— Якім чынам фонд далучыўся да праекту?
— Мы ўжо даўно працуем зь Першым добраахвотніцкім мабільным шпіталем імя Пірагова (ПДМШ). Гэта каманда сотняў мэдыкаў-добраахвотнікаў з усяго сьвету, якая з 2014 году ратуе жыцьці на фронце ў раёне баявых дзеяньняў з расейскімі акупацыйнымі войскамі. У тым ліку яны дапамагалі людзям у Бучы, Барадзянцы, Славянску, Бахмуце, Краматорску. Беларускія валянтэры пастаўлялі ПДМШ аптэчкі, тактычныя заплечнікі, форму, каскі і іншае яшчэ з 2015 году.
Пра нас пачуў украінскі грамадзкі дзеяч Вячаслаў Радзько, які ўжо знайшоў фабрыку, на якой вырабляць ложкі. Ён шукаў тых, хто дапаможа арганізаваць хуткую і зручную пастаўку ва Ўкраіну. Гэта, можна сказаць, быў заключны і вельмі важны этап. Ён расказаў нам пра свой праект, і мы пачалі супрацоўніцтва. Цяпер ён будзе пашырацца, і мы ў гэтым бяром удзел.
Першую партыю мы адправілі мабільнаму шпіталю Пірагова, а затым падрыхтавалі партыю для Кіеўскага мэтрапалітэну. Туды ўвайшлі 20 ложкаў. Бо людзі ў Кіеве могуць і цэлую ноч правесьці ў падземцы праз пагрозу атак на горад з паветра. Таму гэтая частка ложкаў паехала ва Ўкраіну, ужо дастаўлена і выкарыстоўваецца на месцы.
Наш удзел у праекце стаў магчымым дзякуючы папярэднім напрацоўкам. Бо мы перасякаліся ў працы і зь літоўскімі структурамі, і ва Ўкраіне ўжо зарэкамэндавалі сябе папярэдняй працай. Ад гэтага часу выбудоўваць апэрацыі можна будзе больш апэратыўна. Мы рэагуем і на запыты мэдыкаў, гэтыя ложкі ідэальныя для працы з параненымі і ва ўмовах эвакуацыі.
— Значыць, варта чакаць і наступных партый?
— Так, зараз ужо прадумваецца лягістыка для новай адпраўкі. Акрамя таго, літоўскі фонд Blue Yellow будзе гэтак жа дапамагаць з дастаўкай часткі ложкаў. Спадзяёмся, што працягнецца плённае супрацоўніцтва. У такіх вялікіх кампаніях сіла ва ўзаемадзеяньні, і я вельмі рада, што магу ўдзельнічаць у пашырэньні такіх моцных і своечасовых ініцыятываў.
Рыхтуючы лягістыку для першай партыі, мне трэба было знайсьці машыну, пракантраляваць, адгрузіць, падпісаць акты і ўсё зьвесьці разам. Пасьля таго, як усё ўжо пачынае працаваць, ты працягваеш, і тады зьяўляюцца магчымасьці рабіць яшчэ. Акрамя таго, назьбіралася кантактаў людзей і арганізацый, якія табе ў гэтым дапамагалі і могуць прыдацца ў будучыні.
Таму, з эмацыйных момантаў — я вельмі радуюся, калі бачу, што самыя розныя людзі могуць працаваць у сымбіёзе. Бо ведаюць, навошта гэта пачалі і наколькі гэта важна. Магчыма, пасьля першай дастаўкі не было вострых рэакцый «у моманце», затое ёсьць вялікі стымул працягваць і нарошчваць маштаб. Толькі за апошні год мы пасьпяхова рабілі лягістыку з шэрагам розных валянтэрскіх структур і з прыватнымі ініцыятывамі.
Украінскі грамадзкі актывіст Вячаслаў Радзько, які запрасіў беларусаў да рэалізацыі праекту, родам з Харцыску. Вячаслаў працуе ў Латвіі і браў непасрэдны ўдзел у латвійска-літоўскіх камунікацыях наконт модульных лавак-ложкаў.
Ён прызнаецца, што пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ў некаторых людзей зьявілася скептычнае стаўленьне да беларусаў. На такім успрыманьні адбіліся дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, яго падтрымка дзеяньняў Пуціна.
— Аднак калі ўдзельнікі ўбачылі ініцыятыву беларусаў, іх жаданьне дапамагаць, пачалася нармальная размова. Маёй ідэяй якраз было спалучыць высілкі розных людзей дзеля дапамогі Ўкраіне. Я пачуў пра тое, што беларусы дзейнічаюць валянтэрамі і ва Ўкраіне, і ў Польшчы, і ў Літве. Патрэбны рэгіён, бо я якраз шукаў, хто дапаможа даставіць. Наогул праблем з ініцыятывай асобных людзей няма. Напрыклад, я зьвязваўся з кіроўцамі, якія толькі ўдакладнялі, што даставіць і ў якой колькасьці. Для ўкраінцаў, пацярпелых ад вайны, многія гатовыя былі рабіць гэта бясплатна.
Так, відаць, і з мэтро — людзі рознай нацыянальнасьці і месца пражываньня з болем глядзяць, як людзі вымушаныя ляжаць на посьцілках і коўдрах на халоднай падлозе. Я вельмі задаволены, што беларусы далучыліся да гэтай дапамогі.
Дзе паставілі лаўкі
Праект дапамогі Кіеўскаму мэтрапалітэну пакуль пілётны. Дадатковыя месцы выдзеленыя на 18 станцыях. Гэта «Акадэмгарадок», «Шуляўская», «Політэхнічны інстытут», «Вакзальная», «Унівэрсытэт», «Тэатральная», «Храшчацік», «Галасееўская», «Дзяміеўская», «Палац „Украіна“», «Алімпійская», «Плошча Льва Талстога», «Тараса Шаўчэнкі», «Сырэц», «Лук’янаўская», «Клоўская», «Дружбы Народаў», «Пазьнякі» і «Харкаўская».
Літоўская кампанія DUV стварыла ўнівэрсальны модульны ложак LITUA MILI з дызайнам, які дазваляе лёгка трансфармаваць яго ў «зручны куток для адпачынку і працы».
«Украінцы маюць патрэбу ў такіх інавацыйных і мабільных рэчах, як ніхто іншы. Людзі засталіся бяз даху над галавой і маюць цяжкую жыльлёвую сытуацыю», — так у кампаніі патлумачылі, чаму заняліся такой прадукцыяй.
«На адным такім сядзеньні могуць разьмясьціцца да чатырох чалавек. Акрамя таго, у выпадку працяглай паветранай трывогі або працы станцый мэтро выключна ў рэжыме сховішча такія модульныя лаўкі трансфармуюцца ў ложкі. Вартасьці канструкцыі — кампактныя памеры ў разабраным выглядзе, прастата зборкі і ўмераная вага», — дадалі вытворцы.
Фанэру для модульных ложкаў паставіла фабрыка Latvijas Finieris з Рыгі, у пастаўках вырашальную ролю згуляла пасольства Ўкраіны ў Рызе. Вячаслаў Радзько адзначае, што ў рамках праекту зроблены 581 ложак, агульны іх кошт склаў 87 тысяч эўра, пры гэтым ад украінскага боку грошай не папрасілі наагул.
Цешачыся дапамогай з Латвіі і Літвы, Вячаслаў кажа, што цяпер ідуць перамовы з эстонскімі кампаніямі. Беларусы ўжо зарэкамэндавалі сябе, і таму супрацоўніцтва зь імі працягнецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Ўкраіны заклікалі жыхароў Бахмуту тэрмінова эвакуавацца. У горадзе цяжкія баі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны паведаміла аб мадэрнізацыі тэхнікі з улікам досьведу вайны РФ супраць Украіны. Якое расейскае ўзбраеньне зьявілася