У Буда-Кашалёўскім раёне КДБ праводзіць «антытэрарыстычныя вучэньні»

Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022». Ілюстрацыйнае фота

На тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласьці 17 лютага пройдуць вучэньні па праверцы гатоўнасьці дзяржаўных органаў да рэагаваньня і ўзаемадзеяньня на акты тэрарызму, паведаміла газэта «Маяк».

Адзначаецца, што ў мерапрыемствах прымуць удзел сілавыя ведамствы краіны. Сцэнаром «антытэрарыстычных» вучэньняў прадугледжана задзейнічаньне ваеннай тэхнікі, магчыма абмежаваньне руху транспартных сродкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазнавальны знак «Ж» і забарона выходзіць на вуліцы. Стала вядома, дзе праводзяць вучэньні ў Клічаўскім раёне

З 7 па 8 лютага, аналягічныя вучэньні адбыліся ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласьці.

Раней Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведаміў, што з 5 студзеня пачалася праверка гатоўнасьці дзяржаўных органаў рэагаваць на акты тэрарызму. Вучэньні тады праходзілі ў Менскай і Віцебскай абласьцях.

Два месяцы назад у Беларусі праходзіла праверка гатоўнасьці дзяржаўных органаў рэагаваць на тэракты. Яна праводзілася пад кіраўніцтвам Савету бясьпекі 7–8 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найвышэйшых чыноўнікаў Беларусі рыхтуюць на выпадак надзвычайнай сытуацыі