Новы дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў да прызначэньня быў дырэктарам Інстытуту магістарскай падрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.
Бяляеў скончыў філялягічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «Расейская мова, літаратура і гісторыя», пасьля чаго працаваў настаўнікам гісторыі ў школе.
У канцы 1990-х Аляксей Бяляеў стаў асыстэнтам катэдры філязофіі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а ў 2002-м скончыў асьпірантуру гістарычнага факультэту БДУ, кандыдат гістарычных навук.
Далей кар’ера Аляксея Бяляева была зьвязаная зь Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэтам, з 2018 году — з БДЭУ.
Як заўважыў БАЖ, мяркуючы па публікацыях, у сфэры навуковых інтарэсаў Аляксея Бяляева — у тым ліку пэрыяд Другой сусьветнай вайны. Сярод яго навуковых артыкулаў можна сустрэць такія тэмы, як «Грамадзянская калябарацыя і праблема „нашы“ — „чужыя“ (на прыкладзе Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны)», «Некаторыя аспэкты ў правядзеньні культурнай палітыкі фашыстаў мясцовымі акупацыйнымі ўладамі ў Беларусі» і «Акруговыя (абласныя) управы ў сыстэме нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі».
Палітоляг — часты госьць на дзяржаўным тэлебачаньні. Звычайна дае камэнтары на тэмы кшталту «Ва Ўкраіне людзі ад дзяржавы не чакалі і не чакаюць нічога добрага!». З 2022 году кандыдат гістарычных навук пачаў публікаваць свае калёнкі ў «СБ. Беларусь сегодня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абавязковы экзамэн замест выпускных і льготы для «мэтавікаў». Расказваем пра зьмены ў правілах паступленьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шаман Дзяржпляну», абяцаў канец Захаду, адмаўчаўся ў 2020-м. Хто такі Георгі Грыц — эканаміст беларускай прапаганды