Анастасіі Кухце пакінулі прысуд бязь зьменаў
Палітзьняволеную Анастасію Кухту затрымалі 17 лютага 2022 году. Актывістку абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- арт. 361 — Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь;
- арт. 361-1 — Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім.
11 лістапада Менскі гарадзкі суд прызначыў ёй 5 гадоў калёніі. Нядаўна КДБ дадаў яе ў «тэрарыстычны сьпіс».
16 лютага Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу палітзьняволенай. Прысуд пакінулі бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня. Неўзабаве Кухту перавядуць у жаночую калёнію № 4.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «сьпіс тэрарыстаў» КДБ дадаў яшчэ восем чалавекПавал Вінаградаў без сухотаў
Палітзьняволены грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў адужаў ад сухотаў. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook ягоная жонка Сьвятлана.
Пры канцы ліпеня мінулага году Вінаградава перавялі ў аршанскую калёнію № 12, дзе трымаюць вязьняў з актыўнай формай сухотаў і праводзяць іх лекаваньне. Цяпер, як сьцьвярджае Сьвятлана Вінаградава, ейнага мужа этапавалі назад у калёнію № 11 у Ваўкавыску.
Паўла засудзілі на 5 гадоў калёніі за адзін допіс у Facebook, прызнаўшы вінаватым у паклёпе на Лукашэнку, распальваньні сацыяльнай варожасьці і арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Суд зрабілі закрытым.
28 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс палітвязьня ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень расказаў пра шэсьць месяцаў у лячэбна-працоўным прафілякторыі. Сьцьвярджае, што там рабілі прадукцыю для краін ЭЗ