Палітычны прадстаўнік палку Каліноўскага і руху «Супраціў» Зьміцер Шчыгельскі наведаў Вільню. Пра актуальныя палітычныя падзеі ён паразмаўляў з карэспандэнтам Свабоды. Поўную вэрсію інтэрвію глядзіце на Youtube-канале Радыё Свабода.
«Праводзіць акцыі сёньня ў Беларусі — гэта суіцыдальная практыка»
— Калі параўноўваць з 2020 годам, мы сталі бліжэй да перамогі ці далей?
— Я лічу, што бліжэй. Мэнтальнасьць людзей і ўспрыманьне сытуацыі вельмі моцна зьмяніліся. У 2020 годзе гэта было наіўнае ўспрыняцьце. Маўляў, выйдзе 200 тысяч — і ўсё будзе вырашана, сілавікі пяройдуць на бок народу. Але 2020 год даў зразумець, што гэта ня так. Каб зьнесьці гэты рэжым, патрэбна сіла.
— Што гэта за сіла?
— У тым ліку полк Каліноўскага, і «Паспалітае рушэньне», і харугвы, і людзі, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Без рашучых дзеяньняў зьнесьці рэжым дыктатара немагчыма.
— Раскажыце пра аб’яднаньне палку Каліноўскага і «Кібэрпартызанаў». Што гэта такое, чаго чакаць?
— Чаго чакаць, мы ніколі не гаворым. Бо навіна — гэта тое, што ўжо адбылося, а ня тое, што будзе калісьці. Ёсьць структура — полк Каліноўскага (хлопцы і дзяўчаты, якія ваююць), у іх ёсьць людзі, яны дамагаюцца вынікаў. І гэтыя вынікі відаць. У «Кібэраў» тое самае — ёсьць структура, ёсьць людзі, ёсьць вынікі. Гэтае аб’яднаньне лягічнае. Полк Каліноўскага і «Кібэрпартызаны» працавалі ад моманту ўзьнікненьня першага. Намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук — гэта адзін з заснавальнікаў «Супраціву».
— «Супраціў» яшчэ існуе?
— Адносна. Значная частка людзей, асабліва з структуры «Буслы ляцяць», пайшлі ў полк Каліноўскага. Сёньня правядзеньне акцый, падобных да тых, што праводзілі «Буслы», — гэта суіцыдальная практыка, якая нічога ня дасьць. Мы страцім людзей, падставім іх, і ня будзе ніякага выніку. У Беларусі засталіся людзі, якія даюць нейкую інфармацыю, каб лепш разумець сытуацыю ўнутры краіны і не губляць сувязі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое шматдзетных бацькоў, ніхто раней не судзімы. Што вядома пра асуджаных па справе суполкі «Буслы ляцяць»— Вы па-ранейшаму лічыце, што лёс Беларусі сёньня вырашаецца ва Ўкраіне?
— Лёс Беларусі вырашаецца ў Беларусі і беларусамі. Але перадумовы для гэтага ствараюць украінцы, а таксама, у тым ліку, полк Каліноўскага і «Кібэры».
«Пра супэрдупэрзлосных украінцаў — гэта глупства»
— Раскажыце, што было на сэсіі ў Румыніі, куды ўкраінцы зьбіралі беларускую апазыцыю. Ведаю, што вы былі сярод удзельнікаў той сэсіі, якая абрастае...
— ...Кансьпіралягічнымі тэорыямі. Нічога асаблівага не было. Гэта магчымасьць прамадэляваць сытуацыю, выпрацаваць стратэгію. Усё гэта плёткі — агледзіны беларускай апазыцыі, пра супэрдупэрзлосных украінцаў, якія лялькаводзяць беларускай апазыцыяй. Гэта ўсё трызьненьне.
— Нейкія ўкраінскія ўлады за гэтым стаялі?
— Не было там ні спэцслужбаў, ні контравыведкі, але грошы на арганізацыю былі ўкраінскія.
— Украінскімі могуць быць і грошы прарасейскіх алігархаў.
— Гэта не былі грошы прарасейскіх алігархаў. Яны сабралі прадстаўнікоў вельмі розных групаў, гэта пазытыўна. Хоць неяк пачалі размаўляць. Гэта магчымасьць нам самім зразумець, што адбываецца, якія ёсьць варыянты. А для ўкраінцаў — зразумець беларускую сытуацыю, бо гэтага бракуе, як сярод людзей, так і сярод экспэртаў. Люстэркава беларусы таксама кепска разьбіраюцца ў сытуацыі ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы заручыліся падтрымкай дзяржаўных структур». Што за таямнічую сустрэчу ўкраінцы ладзілі для беларускай апазыцыі ў Румыніі«Імпэрыя будзе слабой, калі прайграе вайну»
— Спадар Зьміцер, вы нядаўна былі ў Бахмуце. Што там бачылі?
— Вайну ўбачыў. Вы можаце паглядзець з Бахмуту шмат відэа. Так яно і выглядае насамрэч. Ёсьць разбураныя будынкі, абстрэлы, 5–7 выбухаў на хвіліну. Самае галоўнае не пэйзаж, а людзі, якія там знаходзяцца; мы прыяжджалі да байцоў палку Каліноўскага. Вядома, умовы вельмі цяжкія, холадна, падвал, пазыцыі, але людзі гераічныя. Гэта значная частка нацыянальнай эліты, яны гатовыя ахвяраваць жыцьцём. Яны робяць гэта, каб вярнуць Беларусь беларусам.
— Але ж ніхто не разумее, якім чынам можна вызваляць Беларусь.
— Мы можам цяпер прыдумаць стопяцьсот прычын, чаму гэта немагчыма. А можам шукаць магчымасьці. Гэта нашмат больш плённа, чым думаць, што вось раззброяць, нічога не дадуць. Могуць быць праблемы, але нам трэба быць гатовымі да таго акенца магчымасьцяў, якое было ў нас у 1918 годзе, у 1991 годзе. Гэта магчыма толькі тады, калі імпэрыя слабая. А я ўпэўнены, што імпэрыя будзе слабой, калі прайграе вайну, і гэтыя магчымасьці ў нас зноў зьявяцца.
«Мы можам быць гатовымі да рэвалюцыйнай сытуацыі»
— У вас зараз ёсьць плян вызваленьня Беларусі?
— У нас ёсьць стратэгія вызваленьня Беларусі. Што такое плян? Калі мы заходзім з аднаго пункту, рухаемся ў іншы, такія пляны можна напісаць, і іх будзе як заўгодна шмат. Але гэта несур’ёзна. Сур’ёзна — гэта стратэгія. Вызваленьне Беларусі найперш магчыма тымі беларусамі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Фактычна — гэта рэвалюцыя, для яе патрэбна рэвалюцыйная сытуацыя, як гэта было ў 2020 годзе. Павінен быць суб’ект, які будзе ў стане выкарыстаць гэтую сытуацыю і дамагчыся сыходу рэжыму. Гэта можа быць і польскі шлях з круглым сталом, і румынскі. Можа, нешта сярэдняе.
— Як можа скласьціся рэвалюцыйная сытуацыя ў краіне, калі рэжым укачвае ўсё ў бэтон, пасіянарыі пакідаюць краіну?
— «Сталыпінскія гальштукі» ў 1907 годзе таксама здаваліся ўкочваньнем у бэтон і выцісканьнем за мяжу, але пасьля быў 1917 год. Мы ня можам зрабіць рэвалюцыйную сытуацыю, але можам быць да яе гатовымі. У 2020 годзе гэтага не хапіла. Цяпер беларускае грамадзтва больш сталае, няма палітычнага інфантылізму.
— Папулярны закід у сацсетках — калі перамены будуць здабытыя пры дапамозе палку Каліноўскага, то ўсталюецца хунта. Такое можа быць?
— Пераходны пэрыяд неабходны, на яго будзе патрэбны нехта, хто створыць умовы для новых выбараў. У нас сёньня фактычна няма ў краіне СМІ. Як вы зьбіраецеся праводзіць выбары, калі няма СМІ, няма суду? Патрэбна рэформа судовай сыстэмы. У нас няма палітычных партый, якія загнаныя пад бэтон. Няма выбарчых камісій — тыя, якія ёсьць цяпер, трэба разагнаць. Пакуль усё гэта будзе стварацца, патрэбна, каб працавала каналізацыя, была электрычнасьць, хадзіў грамадзкі транспарт, людзі маглі хадзіць у паліклінікі, дзеткі ў школу. Вы можаце называць гэта хунтай ці рэвалюцыйным урадам, але такі аб’ект павінен быць. Справа ня ў назьве, а ў тым, што ён будзе рабіць. Мінімум шэсьць месяцаў спатрэбіцца для правядзеньня новых выбараў, а можа, і больш. «Мы арганізуем выбары за трыццаць дзён» — гэта галімы папулізм. Ёсьць статыстыка транзытных рэжымаў, дык хунта — гэта далёка ня самы горшы варыянт. Імавернасьць таго, што транзыт будзе пасьпяховы, а краіна пяройдзе ад тыраніі да дэмакратыі, пры хунце самая высокая.
— У Беларусі мірна ўжо ня будзе?
— Ніхто ня хоча крыві і вайны. Было б ідэальна, каб рэжым, Лукашэнка ці нехта пасьля яго пайшлі на перамовы і быў «круглы стол». Але для таго, каб такія перамовы адбыліся, патрэбна сіла, якая будзе прымушаць да перамоваў. Калі ж наступны раз у Беларусі паўторыцца 2020 год, наколькі я разумею па размовах зь людзьмі зь Беларусі, то людзі будуць выходзіць са зброяй, «кактэйлямі Молатава», каб вырашыць пытаньне раз і назаўсёды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Пазьняк не прыедзе 15–16 лютага ў Вільню? Разьбіраемся