«Мова» — новая лімітаваная калекцыя, прысьвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы і натхнёная беларускімі пісьменьнікамі — Янка Брыль, Максім Танк і Пятрусь Броўка, піша завод на афіцыйным сайце.
«Кожны зь іх на сваім прыкладзе паказаў, наколькі велічна можа гучаць беларуская мова і як прыгожа яна можа выглядаць на паперы. Асабліва літара „ў“ (нескладовая), індывідуальны стыль напісаньня якой вылучае гэтую тройцу сярод іншых дзеячоў беларускай культуры».
У рамках калекцыі — тры ўнісэкс-мадэлі гадзіньнікаў, кожны зь якіх выпушчаны ў колькасьці 70 экзэмпляраў. Гадзіньнікі працуюць на легендарным мэханізьме 1801.1, корпус выраблены зь нержавеючай сталі, шкло — мінэральнае. Раменьчык выкананы з натуральнай скуры зь цісьненьнем подпісу кожнага пісьменьніка.
На сайце заводу пазначана, што кожны з гадзіньнікаў каштуе 159,56 эўра.
Папярэднія калекцыі гадзіньнікаў
Гэта ўжо ня першы нацыянальны праект заводу «Луч». У 2018 годзе завод выпусьціў калекцыю «Волат», прысьвечаную беларускім нацыянальным героям — Канстанціну Астроскаму, Давыду Гарадзенскаму і Міхалу Глінскаму.
У 2019 годзе да Дня матчынай мовы «Луч» выпусьціў калекцыю аднастрэлкавых гадзіньнікаў зь літарамі ДЖ і ДЗ.
Праз год, у лютым 2020 году, завод выпусьціў гадзіньнікі зь вершам «Зорка Вэнэра». Гэта былі дзьве ўнісэкс-мадэлі — з чорным і сінім цыфэрблятам — выпушчаныя па 200 асобнікаў. Зь пярэдняга боку на гадзіньніках толькі зорнае неба і лягатып заводу, але на адваротным баку выбітыя першыя радкі верша «Зорка Вэнэра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Дня матчынай мовы завод «Луч» выпусьціў гадзіньнікі зь вершам «Зорка Вэнэра»