У Маскве падпісалі міжурадавае пагадненьне аб адзінай прамысловай палітыцы Расеі і Беларусі. Што яшчэ аб’ядналі?

Пятро Пархомчык, віцэ-прэм’ер Беларусі

Ва ўрадзе Беларусі заявілі, што новы дакумэнт, падпісаны з расейцамі, дазволіць дасягнуць «тэхналягічнага сувэрэнітэту ў рамках саюзнай дзяржавы».

Беларуска-расейскае міжурадавае пагадненьне аб адзінай прамысловай палітыцы — стратэгічны дакумэнт. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Пятро Пархомчык пасьля цырымоніі падпісаньня, якая адбылася 15 лютага ў Маскве, інфармуе БелТА.

«Ствараецца адзіная прастора, дзе будуць выкарыстоўвацца агульныя правілы і законы ў частцы прамысловай палітыкі», — сказаў Пархомчык.

Паводле яго, пагадненьне завяршае працу, якую ўрады Беларусі і Расеі праводзілі ў прамысловай сфэры ў рамках падпісаных у лістападзе 2021 году 28 інтэграцыйных праграм.

«Летась былі падпісаны пагадненьні ў галіне мікраэлектронікі, аб узаемным прызнаньні тэхналягічных апэрацый, — сказаў віцэ-прэм’ер. — І гэты дакумэнт нібы завяршае комплекс тых пытаньняў, якія вызначаюць разьвіцьцё прамысловасьці ў Беларусі і Расеі. Гэта значыць прыняцьце сумесных рашэньняў, стварэньне сумесных кампэтэнцый, прытым у розных кірунках».

Пятро Пархомчык сказаў, што беларускі і расейскі бакі ўжо правялі пэўную работу ў рамках пагадненьня аб адзінай прамысловай палітыцы яшчэ да яго падпісаньня. У якасьці прыкладу ён прывёў сумеснае вырашэньне пытаньня аб замене рухавікоў пры вытворчасьці 220-тонных «БелАЗаў» з амэрыканскіх на расейскія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка: санкцыі закранулі пытаньні лічбавізацыі

Яшчэ адным прыкладам ён назваў дамоўленасьці аб вытворчасьці ў Беларусі і Расеі ўніфікаваных вузлоў і аўтакампанэнтаў для машын марак «МАЗ» і «КамАЗ», што дасьць магчымасьць зьнізіць сабекошт канчатковай прадукцыі і зрабіць яе больш даступнай.

Пархомчык лічыць, што дамова дазволіць «дасягнуць тэхналягічнага сувэрэнітэту ў рамках саюзнай дзяржавы». Ён таксама ўдакладніў, што пагадненьне набыло моц з моманту яго падпісаньня. Цяпер бакі распрацуюць падрабязную «дарожную мапу» для рэалізацыі дакумэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 11 месяцаў экспарт тавараў у Беларусі зьнізіўся на 4,2% да аналягічнага пэрыяду мінулага году, імпарт — на 8,5%

Што яшчэ абядналі

У сьнежні 202 году у Менску і Маскве амаль сынхронна ратыфікавалі дамову «Аб агульных прынцыпах падаткаабкладаньня ва ўскосных падатках» (у Беларусі — 20 сьнежня, у Расеі — 21-га). Згодна з дакумэнтам, штогод бакі «прыводзяць сваё падатковае заканадаўства ў адпаведнасьць з палажэньнямі дамовы».

Наступны крок — стварэньне агульнага наднацыянальнага падатковага камітэту Беларусі і Расеі, рашэньні якога будуць абавязковымі для бакоў.

9 верасьня 2022 у Міністэрстве транспарту Расеі было падпісанае міжурадавае пагадненьне аб транзыце беларускіх грузаў праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.

Дакумэнт забясьпечвае стварэньне альтэрнатыўных маршрутаў пастаўкі экспартнай прадукцыі. Перавозка грузаў у трэція краіны будзе ажыцьцяўляцца як праз марскія парты, так і праз наземную транспартную інфраструктуру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі не былі так блізка да страты эканамічнага сувэрэнітэту». Што стаіць за аб’яднаньнем падатковых сыстэм Беларусі і Расеі

«Крок да таго, каб паглынуць эканамічныя інстытуты Беларусі»

Шэраг незалежных экспэртаў расцанілі апошнія дамовы, у тым ліку ў падаткавай сфэры, як частковую страту фінансава-эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук раней выказваў думку, што стварэньне так званых наднацыянальных органаў — гэта крокі да таго, каб паглынуць эканамічныя інстытуты Беларусі.

«Бо калі робіцца нейкая манэтарная карэляцыя, калі павялічваецца доля расейскіх рублёў у золатавалютных рэзэрвах, усё гэта набліжае да таго, што эканамічныя інстытуты Беларусі будуць паглынутыя Расеяй.

Калі ствараецца такі наднацыянальны орган зь невядома якімі паўнамоцтвамі ў той час, калі ёсьць фармальная прывязка да канкрэтнага пераходу на расейскую грашовую сыстэму, — гэта адзін крок да страты сувэрэнітэту.

Ніколі Беларусь не была так блізкая да страты эканамічнага сувэрэнітэту, як сёньня», — сказаў Свабодзе ў сьнежні 2022 году эканаміст Яраслаў Раманчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Расеі заявіла, што прапрацоўваецца пытаньне перадачы марскога перагрузачнага комплексу Бронка ва ўласнасьць Беларусі