ЗША перахапілі чатыры расейскія вайсковыя самалёты паблізу Аляскі. Гэта здарылася пасьля такога ж інцыдэнту ля Польшчы

Расейскі бамбавік Ту-95, ілюстрацыйнае фота

Расейскі бамбавік Ту-95, ілюстрацыйнае фота

Расейскія зьнішчальнікі не ўваходзілі ў сувэрэнную паветраную прастору ЗША і Канады.

Амэрыканскія вайскоўцы 15 лютага паведамілі аб перахопе чатырох расейскіх вайсковых самалётаў паблізу Аляскі, паведамляе Reuters.

Камандаваньне паветрана-касмічнай абароны Паўночнай Амэрыкі паведаміла аб выяўленьні чатырох расейскіх самалётаў, уключаючы бамбавікі Ту-95 і зьнішчальнікі Су-35, якія ўвайшлі ў апазнавальную зону Аляскі.

Прадстаўнікі камандаваньня заявілі, што чакалі расейскай актыўнасьці і змаглі апэратыўна падняць у паветра два зьнішчальнікі F-16 для перахопу расейскіх самалётаў у апазнавальнай зоне, якая ахоплівае міжнародную паветраную прастору за межамі ЗША і Канады паблізу Аляскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША замовілі боепрыпасы для Ўкраіны на $522 млн. Пастаўкі пачнуцца ў сакавіку

На дапамогу таксама адправілі два зьнішчальнікі F-35А, самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня E-3 Sentry і два самалёты KC-135 Stratotanker.

Камандаваньне адзначыла, што інцыдэнт не зьвязаны з абʼектамі, зьбітымі над тэрыторыямі ЗША і Канады раней у гэтым месяцы, і што расейскія самалёты не ўваходзілі ў сувэрэнную паветраную прастору дзьвюх краін.

Інцыдэнт ля Польшчы

Падобны інцыдэнт быў 13 лютага і каля Польшчы. Два галяндзкія зьнішчальнікі F-35 тады перахапілі групу з трох расейскіх вайсковых самалётаў над Польшчай і вывелі іх з польскай паветранай прасторы, гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Нідэрландаў, апублікаванай позна вечарам у панядзелак.

«Неапазнаныя на той момант самалёты наблізіліся да зоны адказнасьці NATO ў Польшчы з боку Калінінграду, — гаворыцца ў заяве міністэрства. — Высьветлілася, што гэта тры самалёты: расейскі Іл-20М у суправаджэньні двух Су-27. Галяндзкія F-35 суправаджалі групу з адлегласьці і перадалі суправаджэньне партнэрам па NATO».

Перахоп расейскіх зьнішчальнікаў пацьвердзіла ў інтэрвію polsatnews.pl прэс-аташэ Апэратыўнага камандаваньня Узброеных сіл капітан Эва Златніцка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галяндзкія F-35 перахапілі тры расейскія вайсковыя самалёты над Польшчай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў абвінаваціў Маскву ў перашкодах «зялёнаму калідору» ў Чорным моры для вывазу ўкраінскага збожжа