Хроніка перасьледу 15 лютага:  судзяць экс-супрацоўніка банка «БелВЭБ», у Сьветлагорску масавыя затрыманьні

Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Менскім абласным судзе 13 лютага распачаўся суд над 35-гадовым Васілём Ермаковым, піша «Вясна».

Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»),
  • арт. 352 («неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй»),
  • ч. 3 арт. 203-1 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных»).

Яму пагражае да 12 гадоў калёніі. Справу разглядае судзьдзя Алена Місьнік.

Васіля затрымалі на пачатку ліпеня 2022 году. Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджалі, што яго затрымалі нібыта за «зьліў» асабістых зьвестак сілавікоў, настаўнікаў і лекараў. У відэа Ермакоў расказваў, што ўдзельнічаў у мітынгах у Менску і перадаў інфармацыю пра супрацоўнікаў МУС у бот «Чорнай кнігі Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапаўцы надзелі мне кайданкі і сказалі: „Ты наш палонны“. Гісторыя перасьледу пчаляра з Палесься

Улады прызналі праект «Маланка Мэдыя» «экстрэмісцкім фармаваньнем»

«Медиазона» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляе, што рашэньне было прынятае 15 лютага «за публічныя заклікі да санкцый, арганізацыю дзейнасьці ў падрыхтоўцы замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 лютага: 9 гадоў калёніі адміністратару чату «Жыве Лунінец!», новы вырак пэнсіянэру-«тэрарысту»

У Сьветлагорску затрымалі як мінімум 7 чалавек

14 лютага ў Сьветлагорску затрымалі некалькі мясцовых жыхароў. Яны зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня Сьветлагорскага РАУС. Затрыманьні і вобшукі рабіліся людзьмі з гомельскіх абласных структур міліцыі, паведамляе «Вясна».

Вядома пра сямёх затрыманых — 4 мужчын і 3 жанчын. Сярод іх Анатоль Зьмітровіч (на фота), які да нядаўняга часу быў індывідуальным прадпрымальнікам і актыўным удзельнікам прадпрымальніцкага руху. Ён вядомы таксама як экалягічны актывіст у пэрыяд будаўніцтва і запуска Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы, калі адбываліся шматлікія выкіды шкодных рэчываў у атмасфэру. У апошні час працуе ў адным з прадпрыемстваў у галіне аўтасервісу.

Яшчэ адна з затрыманых — Тацяна Жураўская, старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Людзі плюс», якое вядзе працу з тымі, каго закранула праблема ВІЧ.

Астатнія затрыманыя працуюць на розных прадпрыемствах горада. Мяркуецца, што 15 лютага ў адносінах да затрыманых адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў судом Сьветлагорскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 лютага: 1,5 года калёніі за допіс пра вайну ў закрытым чаце

Берасьцейскага нарколага-псіхіятра асудзілі да 2 гадоў калёніі за два камэнтары

У Берасьцейскім раённым судзе агучылі вырак загадчыку аддзяленьнем Берасьцейскага абласнога наркадыспансэру Максіму Зайцаву. Мужчыну асудзілі да 2 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь.

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Маручак.

Мужчыну судзілі за два камэнтары ў тэлеграм-канале. Адзін зь іх, згодна з абвінавачаньнем, ён пакінуў у бок Лукашэнкі 20 ліпеня 2021 года: «Животное загнанное в угол. Скоро начнет своих кусать».

Другі камэнтар — у адрас старшыні брэсцкага аблвыканкаму Рагачука — згодна з абвінавачаньнем, мужчына пакінуў 16 сакавіка 2022 году. Ён быў наступнага складу: «РЫгачук пусть ляжет возле пушки и спит спокойно, осел! Бернес нашелся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 лютага: два гады турмы актывісту «Народнай Грамады» за акцыі пратэсту 2020 году