У Расеі стварылі 43 лягеры для «перавыхаваньня» незаконна вывезеных з Украіны дзяцей

Украінец ратуе сваё дзіця ад расейскіх абстрэлаў. Ірпень, Кіеўская вобласьць. 6 сакавіка 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Расея сыстэматычна перамясьціла з Украіны ня менш за 6 тысяч дзяцей у цэнтры для перавыхаваньня і ўсынаўленьня ў акупаваным Расеяй Крыме і на мацерыковай частцы Расеі.

Як адзначаецца ў дасьледаваньні Лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў (HRL) Ейльскай школы грамадзкай аховы здароўя, ідэнтыфікавана 43 такія цэнтры, у якіх утрымлівалі дзяцей, вывезеных Расеяй з Украіны пасьля ўварваньня 24 лютага 2022 году.

«Большасьць зь іх — гэта аздараўленчыя лягеры, у якія дзяцей вывозяць быццам на адпачынак, іншыя — гэта ўстановы, якія выкарыстоўваюцца для разьмяшчэньня дзяцей, якія знаходзяцца на перавыхаваньні або ўсынаўленьні ў Расеі. Гэтыя высновы паказваюць, што ў большасьці лягераў займаліся ідэалягічным перавыхаваньнем, а ў некаторых лягерах праводзілі вайсковую падрыхтоўку дзяцей і перашкаджалі вяртаньню дзяцей бацькам ва Ўкраіне», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ўкраіны: Расейскія вайскоўцы вэрбавалі ўкраінскіх дзяцей для збору дадзеных праз мабільную гульню

У дасьледаваньні адзначаецца, што Расея вывозіла з Украіны дзяцей ва ўзросьце ад 4 месяцаў да 17 гадоў. Большая частка такіх устаноў разьмешчана ў акупаваным Расеяй Крыме і яшчэ 10 — непадалёк ад вялікіх расейскіх гарадоў — Масквы, Казані і Екацярынбургу, а таксама ў Сібіры і на Далёкім Усходзе. Сярод цэнтраў, куды расейцы адпраўлялі дзяцей, ідэнтыфікавалі нават псыхіятрычную клініку і дзіцячыя інтэрнаты.

«Асноўная функцыя лягераў — гэты, мяркуючы па ўсім, палітычнае перавыхаваньне. Украінскім дзецям насаджаюць расейскую ідэалёгію ў акадэмічнай, культурнай, патрыятычнай і вайсковай сфэрах», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь мяшком на галаве і зьвязанымі рукамі. Расейцы вывезьлі ўкраінскага падлетка ў дзіцячы дом у Беларусі, але там яго выратавалі

У расейскія цэнтры вывозілі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных расейскімі войскамі рэгіёнаў Данбасу, а таксама з Харкаўскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей. Часьцей за ўсё расейцы ціснулі на бацькоў, каб атрымаць іхную згоду. Але некаторыя бацькі расказвалі, што іхных дзяцей вывезьлі нават і бяз згоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мяняюць імёны і перавыхоўваюць. З акупаваных тэрыторый Украіны незаконна вывезьлі ў Расею каля 50 тысяч дзяцей

Як адрэагавала Расея

На публікацыю дасьледаваньня адрэагавала пасольства Расеі ў ЗША.

Расейскія дыпляматы заявілі, што такім чынам Расея «прыняла дзяцей, вымушаных ратавацца са сваякамі ад абстрэлаў і зьверстваў Узброеных сілаў Украіны».

«Мы робім усё магчымае для захаваньня непаўналетніх грамадзян у сем’ях, а ў выпадках адсутнасьці або гібелі бацькоў і блізкіх — для перадачы сірот пад апеку. Забясьпечваем абарону іхных жыцьцяў і дабрабыту», — заявілі ў расейскай амбасадзе.

Адначасова расейскія дыпляматы абвінавацілі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў адсутнасьці рэакцыі на нібыта «мэтанакіраваныя абстрэлы» украінскіх вайскоўцаў па «аб’ектах цывільнай інфраструктуры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне аднаўляюць пашкоджаную расейскімі абстрэламі інфраструктуру

Колькі дзяцей загінулі ў выніку абстрэлаў

Расейская амбасада сьцьвярджае, што летась на Данбасе загінулі 153 дзіцяці і яшчэ 279 атрымалі раненьні.

Паводле ўкраінскага боку, ад расейскіх абстрэлаў за год вайны загінула 461 дзіця і больш за 920 атрымалі раненьні. Але гэта толькі пацьверджаныя факты. Насамрэч статыстыка можа быць іншай, паколькі ўкраінская ўлада ня мае доступу да шэрагу акупаваных Расеяй тэрыторый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе знайшлі ў абдымках каханага». Што расказваюць калегі загінулай ад расейскай атакі у Кіеве цяжарнай жанчыны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.