У Казахстане за катаваньні ў калёнію адправілі пяцёх паліцыянтаў

Пратэсты ў Казахстане, студзень 2022

Талдыкарганскі гарадзкі суд 10 лютага прыгаварыў да тэрмінаў ад трох да чатырох гадоў калёніі пяцёх супрацоўнікаў паліцыі па справе аб катаваньнях. Пацярпелымі ад іх дзеяньняў былі прызнаныя 23 чалавекі.

Суд таксама пастанавіў пазбавіць супрацоўнікаў спэцыяльных званьняў і забараніў ім займаць пасады ў органах бясьпекі тэрмінам на тры гады.

У ліпені мінулага года прадстаўнік Генпракуратуры Казахстана Серык Шалабаеў казаў, што ў Алмацінскай вобласьці падазраванымі ў справе аб ужываньні катаваньняў з выкарыстаньнем распаленага праса ў дачыненьні да затрыманых падчас студзеньскіх 2022 году пратэстаў сталі пяцёра супрацоўнікаў паліцыі. Трое зь іх адразу прызналі віну. Пацярпелымі былі прызнаны 25 чалавек. Адзін з найбольш вядомых выпадкаў – катаваньні затрыманага Азамата Батырбаева. Самога Батырбаева ўлады прыгаварылі да ўмоўнага тэрміну па абвінавачаньні ва «ўдзеле ў масавых беспарадках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану амніставаў удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў. Дзяржава дапаможа ім з працай і мэдыцынай

Гісторыя з катаваньнямі прасам выклікала вялізны ўсплёск народнага абурэньня ў Казахстане. Адзін з актывістаў нават прынёс прэзыдэнту Касыму-Жамарту Такаеву «падарунак» у выглядзе праса, падкрэсьліўшы, што гэта – сымбаль катаваньняў, якія казахстанскія сілавікі ўжываюць у адносінах да затрыманых за пратэсты – з галоснага ці негалоснага распараджэньня Такаева.

Суд па справе «пра прас» пачаўся ў верасьні мінулага года. Пацярпелыя, якія спачатку патрабавалі строгага пакараньня для падсудных, пазьней раптоўна папрасілі прызначыць сілавікам умоўнае пакараньне. Пацярпелыя тлумачылі гэта тым, што «прэзыдэнт дараваў удзельнікам пратэстаў, а мы даруем ім, яны выканалі нашыя патрабаваньні». Ці былі гэтыя заявы зробленыя пад ціскам уладаў – невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляменьніка Назарбаева асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі за крадзеж

У прэс-службе суду адзначылі, што судзьдзя ўлічыў «поўнае прызнаньне віны, добраахвотнае пакрыцьцё шкоды, наяўнасьць на ўтрыманьні малалетніх дзяцей» у абвінавачаных сілавікоў.

У мінулым месяцы ў Алматы суд прыгаварыў двух супрацоўнікаў паліцыі да трох гадоў турмы, яшчэ аднаму прызначыў абмежаваньне волі па справе аб катаваньнях.