З расейскага сайта дзяржзакупак зьніклі кантракты Цэнтральнай клінічнай бальніцы — гэта выявіла «Сыстэма», расьсьледавальніцкі праект тэлеканалу «Настоящее Время» і расейскай службы Радыё Свабода. У зьвестках пра закупкі ЦКБ, якія зьмяшчаліся на сайце да іх выдаленьня, можна было знайсьці інфармацыю пра лекараў, якія суправаджалі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Зьвесткі пра кантракты ЦКБ, як адзначае «Сыстэма», зьніклі не раней за верасень 2022 году. Цяпер дакумэнты немагчыма знайсьці праз радок пошуку.
Цэнтральная клінічная бальніца аказвае мэдычныя паслугі першым асобам Расеі. У красавіку 2022 году выданьне «Праект» апублікавала расьсьледаваньне пра лекараў ЦКБ, якія рэгулярна суправаджаюць Уладзіміра Пуціна ў паездках па Расеі. Прааналізаваўшы зьвесткі дзяржзакупак, журналісты высьветлілі, што часьцей за ўсё Пуціна суправаджае хірург — спэцыяліст па раку шчытападобнай залозы, а таксама ЛОР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запушчаны рак, хвароба Паркінсона і паталёгія хрыбта. Мэдычная карта Пуціна паводле выведнікаў і СМІСудзячы па закупах, апублікаваных да засакрэчваньня, у 2022 году лекары ЦКБ працягвалі суправаджаць Пуціна. У прыватнасьці, былі апублікаваныя кантракты на разьмяшчэньне мэдычных работнікаў у доме адпачынку «Валдай» каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў Ноўгарадзкай вобласьці, а таксама ў сочынскіх санаторыях «Дагамыс», «Сочы» і «Русь».
У чэрвені 2022 году выданьне Newsweek са спасылкай на трох прадстаўнікоў амэрыканскай выведкі паведаміла, што ў красавіку 2022 году Ўладзімір Пуцін прайшоў курс лячэньня ад прагрэсуючай формы раку. Гэтую інфармацыю «Сыстэме» пацьвердзіла крыніца, якая працуе ў буйным расейскім анкацэнтры і знаёмая з ходам лячэньня прэзыдэнта.
«Сыстэма» зьвярнулася ў ЦКБ з просьбай пракамэнтаваць засакрэчваньне закупак, але на момант публікацыі не атрымала адказу.
Раней у расьсьледаваньні «Сыстэмы» пра дзейнасьць Раскамнагляду гаварылася, што супрацоўнікі ведамства пільна манітораць у СМІ і сацыяльных сетках любыя публікацыі пра нібыта крытычны стан здароўя Пуціна. Па выяўленых расьсьледавальнікамі зьвестках самога «Раскамнагляду», доля паведамленьняў пра здароўе Пуціна займае другое месца — пасьля так званых фэйкаў пра вайну ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выданьне «Проект»: сярод лекараў Пуціна ёсьць хірург-анколяг