Пчаляр Міхаіл Волчак зь Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра сваё затрыманьне, асаблівасьці раённых ізалятараў і псыхалёгію сілавікоў.
Міхаіла і Сьвятлану затрымалі 19 кастрычніка 2022 году за 150 мэтраў ад іх вясковага дому. Яны разам з суседам везьлі будматэрыялы.
Затрыманьне
Па іх прыехалі ўчастковы і каля 8 супрацоўнікаў менскага АМАПу і прадстаўнікоў РАУСу. Большасьць узростам да 25 гадоў і адзін старэйшы, каля 40 гадоў. Міхаіл выкладае онлайн ангельскую мову. Яго затрымалі акурат за 10 хвілін да пачатку заняткаў.
«Нам насустрач едзе іншы бусік. Я падумаў, што нехта п’яны, бо машына рухалася па нашай паласе. Я пачаў скіроўваць на ўзбочча, каб не сутыкнуцца. З буса насупраць адразу вылецелі “маскі-шоў” з аўтаматамі. Але само затрыманьне было троху сюррэалістычнае. З аднаго боку, яны ляцяць на цябе з аўтаматамі. Але пры гэтым далікатна стукаюць у шкло, каб ты адчыніў дзьверы. Калі б на маім месцы быў злачынца, яны б так ня стукалі ў шкло».
Перад тым як Волчак выйшаў з машыны, участковы, які прысутнічаў пры затрыманьні, паказаў санкцыю пракурора. Але сілавікі прысьпешвалі Міхаіла зброяй, і ён не пасьпеў азнаёміцца з дакумэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас апошняй аблавы ў Фаніпалі затрымалі каля 20 чалавек, —праваабаронцыАдзін з амапаўцаў здымаў затрыманьне на камэру. На ўчастковым быў нагрудны відэарэгістратар, які знарок быў адключаны. Пра гэта Міхаіл даведаўся на судзе, калі яго адвакат папрасіў далучыць да справы відэазапіс затрыманьня.
«Мне вельмі моцна сьціснулі рукі кайданкамі. Я пра гэта ня стаў гаварыць сілавікам, бо іх рэакцыя магла б быць непрадказальнай. Яшчэ некалькі дзён у мяне заставаліся сьляды на руках. Амапаўцы надзелі мне кайданкі і сказалі: “Ты наш палонны”».
Гэта ўжо трэцяе затрыманьне Міхаіла. Ранейшыя былі ў 2020 і 2021 гадах.
Ператрус
Пасьля затрыманьня Міхаіла ў кайданках павялі да хаты на вобшук, дзе сілавікі патрабавалі ў яго пароль ад тэлефона. На працягу ўсяго вобшуку яму не патлумачылі ані ягоны статус у справе, ані права на адваката. У доме сілавікі таксама затрымалі Сьвятлану.
«Яны настойвалі, каб я назваў пароль. Настойвалі — гэта мякка кажучы. Фізычна ня ціснулі, але было псыхалягічнае запужваньне. Амапаўцы называлі мяне здраднікам, пыталі, чаму я яшчэ ў Беларусі і што зрабіў для радзімы, абвінавачвалі ва ўдзеле ў пляне "Перамога"».
Затым Міхаіла адвялі ў амапаўскі бусік і пасадзілі на халодную падлогу.
«Каля 5 гадзін я праседзеў там на каленях, з рукамі ў кайданках за сьпінаю і тварам у падлогу. Ногі моцна зацякалі. Позу, у якой сядзіш, можна было мяняць, толькі калі ў сілавікоў быў добры настрой. На просьбу зьмяніць позу амапавец адказваў спачатку адмоўна і праз хвіліну ўжо пагаджаўся».
У Міхаіла на запясьцях яшчэ некалькі дзён заставаліся сьляды ад кайданкоў.
«Паводле маіх назіраньняў, сілавікам важна разбурыць тваё “гняздо”. Каб у доме было або нязручна жыць, або не было адчуваньня бясьпекі. Яны сказалі, што яшчэ добрыя, бо не падымалі нам падлогу».
Што забралі
Пасьля вобшуку ў сям’і вынялі ўсе грошы, якія былі адкладзены на новы плот. Таксама забралі кнігі. Іх пазначылі як «Літаратуру рознай скіраванасьці». Сярод іх былі кнігі па сацыялёгіі, паліталёгіі. Таксама забралі скураны гаманец з выявай герба «Пагоня». Сілавікі адшукалі ў альбоме для маляваньня Сьвятланы малюнак балькона кватэры, на якім вывесілі бчб-сьцяг падчас пратэстаў. Яго таксама забралі.
«Самае прыкрае, што забралі карціну з бчб-сьцягам, напісаную алеем, якую Сьвятлана стварыла паводле фатаздымка студэнцкіх пратэстаў. Амапаўцы пыталі, што жонка хацела сказаць гэтай карцінай. Калі яны прыходзілі да нас другі раз (29 студзеня 2021 году), карціну не забралі, бо тады на ёй яшчэ ня высахла фарба. Ужо другі раз сілавікі забіраюць у нас рэчы з дому і затым не вяртаюць іх. Гэта падобна да нейкага лутынгу (з ангельскай мовы loot – нарабаванае, трафей. — РС)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За антываенныя допісы затрыманы адзін з найбагацейшых бізнэсоўцаў ГомельшчыныСуд
У ІЧУ Янаўскага раёну Міхаіл нібы за непадпарадкаваньне праваахоўнікам адседзеў 15 сутак, а яго жонка – 13.
Суд над Міхаілам і Сьвятланай адбыўся 21 кастрычніка. Сваякі пасьпелі скласьці дамову з адвакатам, таму ў Міхаіла на працэсе быў абаронца. Але саміх сваякоў на паседжаньне не пусьцілі. Міхаіл расказвае, як па-рознаму сябе паводзілі на судзе сілавікі.
«Міхаіл хадайнічаў, каб працэс вёўся на беларускай мове, але яму адмовілі, матываваўшы гэта тым, што "ўсе паперы ў судзе складзеныя па-руску". Затое адвакат быў беларускамоўны».
Судзьдзя своеасабліва тлумачыў паказаньні сьведак. Напрыклад, адмову называць сілавікам пароль ад тэлефона ён камэнтаваў наступным чынам: «Калі яны прасілі пароль, значыць, у вас было што ад іх хаваць».
Умовы ў ізалятары
«У камэры народу было няшмат. Калі памяшканьне разьлічана, скажам, на тры чалавекі, то максымум у ім было чатыры асобы, але “лішнія” там больш за дзень не затрымліваліся. Акрамя мяне, палітычных у камэры не было. Затое нам ладзілі начныя праверкі: спачатку было дзьве праверкі на ноч, а 24 і 4 гадзіне, затым адну адмянілі. Гэта было падобна да дрэсіроўкі сабак. Цябе будзяць, патрабуюць падысьці да дзьвярэй, але зусім нічога не пытаюць і не праглядаюць.
Ложак у камэры быў драўляны. На ім можна было сядзець і ляжаць. Першыя пару дзён днём матрасы забіралі. Пазьней перасталі. Напэўна, надакучыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 лютага: два гады турмы актывісту «Народнай Грамады» за акцыі пратэсту 2020 годуМіхаіл параўноўвае адбываньне арышту ў раённым ізалятары з досьведам у ІЧУ на Акрэсьціна.
«У рэгіёнах супрацоўнікі ізалятараў вельмі неахвотна, няякасна, але выконваюць правілы ўтрыманьня вязьняў. Цяпер у кожнай камэры ўсталяваныя камэры відэаназіраньня. Таму супрацоўнікі імітуюць бурную дзейнасьць».
Міхаіл расказаў, што лісты ад блізкіх яму выдалі толькі ў дзень вызваленьня. Таксама супрацоўнікі ізалятара не аддалі яму паперы, якія тычыліся абскаржваньня прысуду.
«Я падаў скаргу ў Берасьцейскі абласны суд на свой прысуд. У адказ мне ў камэру даслалі апавяшчэньне аб яе атрыманьні. Супрацоўнікі ізалятара прынесьлі апавяшчэньне на подпіс і папрасілі мяне даць ім яго, каб зрабіць копію. Канечне, бярыце, хіба ў мяне ёсьць выбар? Вы ж у любым выпадку забераце. Калі будзеш супраціўляцца, яны там цябе проста закатуюць. У выніку дакумэнт мне так і не аддалі».
Скаргу Міхаіла абласны суд не задаволіў і рашэньне раённага суду пакінуў бязь зьменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 лютага: адміністратару тэлеграм-суполкі далі 3 гады калёніі; вакаліста гурту «Бан Жвірба» зноў арыштавалі на 15 сутак