Трансьляцыю выступу прэзыдэнта Ірану перапынілі хакеры

Прэзыдэнт Ірану Ібрахім Раісі на цырымоніі з нагоды 44-й гадавіны Ісламскай рэвалюцыі ў Тэгеране, 11 лютага

Хакеры з групы Edaalate Ali сарвалі онлайн-трансьляцыю выступу прэзыдэнта Ірану Ібрагіма Раісі з нагоды 44-й гадавіны Ісламскай рэвалюцыі.

Прамова Раісі на дзяржаўным тэлеканале была перапынена відэа, у якім чалавек у масцы заклікаў іранцаў удзельнічаць у пратэстах і вывесьці грошы з банкаў «карумпаванага рэжыму». Сканчаецца 44-сэкундны ролік пажаданьнем сьмерці ісламскай рэспубліцы і вярхоўнаму лідэру Ірану аяталу Алі Хамэнэі.

Іранскія СМІ пішуць, што атака адбылася толькі ў інтэрнэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка анансаваў хуткі візыт у Іран

Увосень мінулага году ў Іране пачаліся пратэсты пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні. Яна была затрыманая паліцыяй нораваў за няправільнае нашэньне хіджаба. З паліцэйскага ўчастка Аміні павезьлі ў бальніцу, дзе яна празь некалькі дзён памерла. Пратэстоўцы лічаць, што прычынай яе сьмерці стала тое, што яе пабілі.

Іранцы па ўсёй краіне працягваюць выступаць супраць паліцэйскага гвалту і шырэй — супраць барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам, за зрынаньне Хамэнэі і за дэмакратызацыю краіны.

Паводле зьвестак праваабарончых груп, за час масавых акцый больш за 500 дэманстрантаў былі забітыя, каля 20 тысяч чалавек узялі пад варту. Пратэсты пачалі сьціхаць пасьля таго, як стала вядома аб першых пакараньнях сьмерцю.