Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн наведае Польшчу з 20 па 22 лютага, паведаміла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П’ер, піша «Голас Амэрыкі».
У паведамленьні гаворыцца, што Джо Байдэн сустрэнецца з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудай, каб абмеркаваць зь ім пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, калектыўнай падтрымкі Ўкраіны і ўмацаваньне намаганьняў NATO па стрымліваньні расейскай агрэсіі.
Таксама кіраўнік Белага дома сустрэнецца зь лідэрамі «Бухарэсцкай дзявяткі», у якую ўваходзяць краіны ўсходняга флянгу NATO, каб пацьвердзіць нязьменную падтрымку бясьпекі альянсу з боку ЗША.
Акрамя таго, Байдэн выступіць з прамовай напярэдадні першай гадавіны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, у якой плянуе расказаць пра ролю ЗША ў падтрымцы Ўкраіны і пацьвердзіць, што ЗША будуць і «надалей падтрымліваць народ Украіны столькі, колькі спатрэбіцца», гаворыцца ў паведамленьні Белага дома.
Раней каардынатар Рады нацыянальнай бясьпекі па стратэгічных камунікацыях Джон Кірбі паведаміў, што Байдэн дакладна дасьць зразумець, што ЗША дадуць Украіне і эўрапейцам дадатковую дапамогу ў сфэры бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штогадовай прамове перад Кангрэсам Байдэн зьвярнуўся да Ўкраіны: «Мы будзем з вамі столькі, колькі спатрэбіцца» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць амэрыканцаў па-ранейшаму падтрымліваюць дапамогу Ўкраіне ў вайне супраць агрэсіі Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўпершыню санкцыянавалі перадачу канфіскаваных расейскіх актываў Украіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі пра новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне, у ім ракеты для HIMARS, якія б’юць на 150 км