Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сваім пасланьні да Кангрэсу ЗША аб становішчы краіны зьвярнуўся да Ўкраіны, заявіўшы, што Злучаныя Штаты акажуць падтрымку «столькі, колькі неабходна».
«Сёньня да нас зноў далучаецца амбасадарка Ўкраіны ў ЗША. Яна ўвасабляе ня толькі сваю краіну, але і мужнасьць свайго народу. Спадарыня амбасадар, Амэрыка адзіная ў падтрымцы вашай краіны. Мы будзем з вамі столькі, колькі спатрэбіцца. Наша краіна імкнецца да большай свабоды, годнасьці і міру не толькі ў Эўропе, але паўсюль», — сказаў Байдэн.
Ён нагадаў, што год таму прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін разьвязаў жорсткую вайну супраць Украіны.
Байдэн назваў яе «забойчым нападам, які выклікае ў памяці вобразы сьмерці і разбурэньняў, якія зазнала Эўропа падчас Другой сусьветнай вайны».
«Я казаў у гэтай залі пра жорсткую вайну Ўладзіміра Пуціна супраць Украіны. Гэта было выпрабаваньне для Амэрыкі, для ўсяго сьвету. Ці будзем мы адстойваць самыя асноўныя прынцыпы? Ці будзем мы абараняць сувэрэнітэт? Ці будзем мы абараняць права людзей жыць свабоднымі ад тыраніі? Ці будзем мы выступаць за дэмакратыю?...Праз год мы ведаем адказ: так, будзем! І так, мы зрабілі! Мы зрабілі гэта!
Разам мы рабілі тое, што Амэрыка заўсёды робіць лепш за ўсё. Мы аб’ядналі NATO і стварылі глябальную кааліцыю. Мы выступілі супраць агрэсіі Пуціна. Мы сталі на бок украінскага народа», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
Прамова адбылася менш чым за тры тыдні да першай гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. 3 лютага Злучаныя Штаты Амэрыкі абвясьцілі аб новым пакеце ваеннай дапамогі Ўкраіне на 2,2 млрд даляраў.
Усяго з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня 24 лютага 2022 года ЗША выдзелілі Ўкраіне больш за 27,1 мільярда даляраў дапамогі ў галіне бясьпекі.
Зварот да рэспубліканцаў: «Няма прычын, па якіх мы не маглі б працаваць разам»
Сёлетні зварот да Кангрэсу адбыўся, калі рэспубліканцы ўзялі пад кантроль Палату прадстаўнікоў на лістападаўскіх прамежкавых выбарах.
Некаторыя рэспубліканцы выказалі занепакоенасьць цаной, якую плацяць ЗША, падтрымліваючы Ўкраіну.
У сваім першым выступленьні на сумесным пасяджэньні Кангрэса пасьля таго, як рэспубліканцы ўзялі пад свой кантроль Палату прадстаўнікоў у студзені гэтага года, прэзыдэнт-дэмакрат Байдэн згадаў таксама аб эканамічным росьце пасьля пандэміі COVID-19, асабліва адзначыўшы маштабныя законапраекты аб інфраструктуры і скарачэньні інфляцыі, прынятыя ў 2022 годзе. Ён падкрэсьліў, што расколаты Кангрэс можа прымаць новыя законы ў найбліжэйшай будучыні.
«Маім сябрам-рэспубліканцам: калі мы маглі працаваць разам у мінулым скліканьні Кангрэса, няма прычын, па якіх мы не маглі б працаваць разам у новым Кангрэсе. Людзі даслалі нам выразны сігнал. Барацьба дзеля барацьбы, сіла дзеля ўлады, канфлікт дзеля канфлікту ні да чаго нас не прывядуць. Нас паслалі сюды, каб завяршыць працу», — гаворыцца ў выступе.
Зварот да Кітая: «Мы імкнемся да канкурэнцыі, а не да канфлікту»
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у сваім выступе, што ён гатовы працаваць з Кітаем, але паабяцаў «абараняць краіну», верагодна, маючы на ўвазе інцыдэнт з кітайскай шпіёнскай ракетай, якая праляцела над Злучанымі Штатамі на мінулым тыдні.
«Я ясна даў зразумець прэзыдэнту Сі, што мы імкнемся да канкурэнцыі, а не да канфлікту. Я ня буду прыносіць прабачэньні за нашы інвэстыцыі ў тое, каб зрабіць Амэрыку моцнай. Гэта інвэстыцыі ў амэрыканскія інавацыі, у галіны, якія будуць вызначаць будучыню і ў якіх кітайскі ўрад мае намер дамінаваць. Сёньня мы знаходзімся ў наймацнейшай пазыцыі за апошнія дзесяцігодзьдзі, каб канкураваць з Кітаем ці кім-небудзь яшчэ ў сьвеце. Я адданы супрацоўніцтву з Кітаем, дзе ён можа прасоўваць амэрыканскія інтарэсы і прыносіць карысьць сьвету. Але не памыляйцеся: як мы далі зразумець на мінулым тыдні, калі Кітай будзе пагражаць нашаму сувэрэнітэту, мы будзем дзейнічаць, каб абараніць нашу краіну. І мы гэта зрабілі», — падкрэсьліў ён.
4 лютага ЗША зьбілі кітайскі паветраны шар, які палічылі шпіёнскім.
Паводле прэзыдэнта ЗША, за апошнія два гады «дэмакратыі ўзмацніліся, а не аслаблі, аўтакратыі слабеюць, а не ўмацоўваюцца».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.