Хроніка перасьледу: 2 гады калёніі за татуіроўкі, 4 гады —за адміністраваньне лякальнага чату; 5 менчукоў будуць судзіць за «экстрэмізм»

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Хроніка перасьледу: 5 менчукоў затрымалі за вывешваньне сьцягоў Беларусі і Ўкраіны, а судзіць будуць за «экстрэмізм»

У сярэдзіне верасьня сілавікі затрымалі пяць менчукоў за «злоснае хуліганства» —​ яны вывесілі вялікія нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Ўкраінкі ў Менску. Але судзіць іх будуць па іншых артыкулах, даведаліся праваабаронцы «Вясны».

Затрыманыя — Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімер Лавор і Кацярына Зарэцкая. На іх завялі крымінальную справу за «злоснае хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў» паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і зьмясьцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму.

Перасьлед затрыманых на гэтым не спыніўся, адзначаюць праваабаронцы. Праз два тыдні пасьля іх затрыманьня Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» канал у дадатку Zello, празь які камунікавалі менчукі пры арганізацыі акцыі.

Сьледзтва па справе скончанае. Сярод артыкулаў, якія інкрымінуюць менчукам, няма «злоснага хуліганства», на падставе якога іх затрымалі і зьмясьцілі пад варту. Цяпер іх абвінавачваюць па больш цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1, 3 арт. 361–1 (стварэньне і ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні») і ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Ім пагражае да 7 гадоў калёніі.

«Калі няма за што „пасадзіць“ любога чалавека, то можна выбраць з наяўных або стварыць для яго „экстрэмісцкае фармаваньне“. Таму што, вядома, вывешваньне сьцягоў — гэта дакладна не хуліганства ў дадзеным кантэксьце, а пакараць за праяву грамадзянскай пазыцыі вельмі хацелася», — камэнтаваў справу раней юрыст Павал Сапелка.

Праваабаронцы прызналі Дзяніса Варозава, Вячаслава Панцюшэнку, Вольгу Церах, Уладзімера Лавора і Кацярыну Зарэцкую палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы «Вясны» прызналі палітзьняволенымі яшчэ 20 чалавек

Гарадзенца асудзілі да 2 гадоў калёніі за татуіроўкі

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні асудзіў мясцовага жыхара Паўла Біча да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму за «прапаганду або публічнае дэманстраваньне нацысцкай сымболікі» паводле артыкула 341-1 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Маргарыта Ланцэвіч, паведамляе «Вясна».

Пра прысуд расказалі на дзяржаўным тэлеканале «Гродна +». Вядоўца перадачы сьцьвярджаў, што, паводле матэрыялаў справы, гарадзенец 1990 году нараджэньня неаднаразова публічна «дэманстраваў нацысцкія татуіроўкі» на тэрыторыі аўтавакзала. У мужчыны былі нібыта набітыя нямецкія арлы на левым і правым баку шыі і нацысцкая свастыка на сярэднім пальцы правай рукі.

Раней Паўла Біча ўжо двойчы затрымлівалі за татуіроўкі.

Старэйшына баптысцкай царквы «Новая Зямля» Андрэй Мамойка і яго жонка Вера — у СІЗА-1

Праваабаронцам стала вядома, што супраць Андрэя і Веры Мамойкаў завялі крымінальную справу паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — папярэдне, за фатаздымак на дарозе падчас пратэстаў 2020 году. Сужэнцаў перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Андрэй і Вера зьяўляюцца вядомымі музыкамі, якія прынялі ўдзел у запісы некалькіх альбомаў хрысьціянскай музыкі. Апошнім часам Андрэй Мамойка працаваў распрацоўшчыкам у адной з ІТ-кампаній у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштавалі старэйшыну баптысцкай царквы «Новая Зямля» Андрэя Мамойку і ягоную жонку Веру

Жыхару Берасьця за адміністраваньне лякальнага чату прысудзілі 4 гады калёніі

Берасьцейскі абласны суд у закрытым рэжыме 10 лютага вынес прысуд мясцоваму жыхару Дзьмітрыю Сьцяпанаву, абвінаваціўшы яго ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Лешчанка. Ён прысудзіў Сьцяпанаву 4 гады калёніі агульнага рэжыму.

Згодна з матэрыяламі справы, 38-гадовы Дзьмітры Сьцяпанаў у верасьні 2020 году, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, стварыў Тэлеграм-чат, інфармацыйную прадукцыю якога суд Ленінскага раёна Берасьця ў сакавіку 2022 году прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Нібыта будучы адміністратарам дадзенага чата па лістапад 2022 году, Сьцяпанаў «аб’яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасьцю гэтай супольнасьці, схіляючы людзей да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Таксама ён, паводле абвінавачаньня, не спыняў разьмяшчэньне іншымі карыстальнікамі Тэлеграм-чата «ГОБК» абразаў прадстаўнікоў улады і судзьдзяў, а таксама «экстрэмісцкіх матэрыялаў», у тым ліку тых, якія распальваюць сацыяльную варожасьць — сярод іншага, у дачыненьні да сілавікоў.

Сьцяпанава яшчэ да суда зьмясьцілі пад варту. Спачатку яго судзілі па адміністрацыйных «палітычных» артыкулах, а потым завялі крымінальную справу. Падобна на тое, што чат «ГОБК» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем » ужо пасьля затрыманьня Дзьмітрыя, адзначаюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 лютага: 1,5 года калёніі за допіс пра вайну ў закрытым чаце