«Хацела заставацца ў Беларусі і лячыць сваіх пацыентаў». Гісторыя пэдыятаркі, якая трапіла ў «чорныя сьпісы» мэдыкаў

Мая Церакулава

Дзіцячая доктарка, 39-гадовая Мая Церакулава страціла працу праз тое, што ў 2020 годзе ўступіла ў незалежны прафсаюз мэдыкаў «Панацэя». Праз знаходжаньне ў «сьпісах мэдыкаў, якія не даспадобы», яе не ўзялі на працу ў ніводнай мэдычнай установе Магілёва, Бабруйску і Асіповічаў.

Мая Церакулава засталася адна з трыма дзецьмі, бяз працы, без жытла і без надзеі займацца любімай справай. Цяпер яна ў Беластоку, вучыць польскую мову і спадзяецца ў будучыні зноў лячыць дзяцей.


«Я не лічу, што незалежны прафсаюз — нейкая злачынная арганізацыя»

«Участковы пэдыятар, прытрымліваюся прынцыпаў доказнай мэдыцыны», — так Мая Церакулава звычайна адказвае на просьбу прадставіцца.

Мая Церакулава

Мая нарадзілася ў Казахстане, скончыла Карагандзінскі дзяржаўны мэдычны інстытут, першая праца была ў інфэкцыйнай бальніцы. У 2015 годзе пераехала ў Беларусь. Некаторы час была ў адпачынку па доглядзе за дзіцем з інваліднасьцю, працавала ў арганізацыі, якая займаецца суправаджэньнем дзяцей з інваліднасьцю. Пазьней Мая Церакулава пацьвердзіла свой дыплём у Беларусі і стала працаваць участковым доктарам-пэдыятрам, а таксама доктарам у прыёмным пакоі стацыянару.

Мая Церакулава тлумачыць, чаму для яе было прынцыпова важным сяброўства ў незалежным прафсаюзе мэдыкаў «Панацэя».

— Праблемы ў сыстэме аховы здароўя Беларусі ў многім зьвязаныя з адсутнасьцю зваротнай сувязі ад супрацоўнікаў да кіраўніцтва. Яны вельмі мала камунікуюць паміж сабой, таму, напрыклад, санітарныя эпідэміёлягі патрабуюць аднаго, а клініцысты іншага. А патрабаваньні, якія нам выстаўляе кіраўніцтва, не разьлічаныя на тую колькасьць працоўнага часу, што ёсьць у нас, дактароў. Немагчыма выконваць усе патрабаваньні начальства да дакумэнтацыі, справаздачнасьці і адначасна прымаць такую колькасьць пацыентаў, якую мы маем. Праз гэта адбываюцца парушэньні ў працы, і ты можаш трапіць пад крымінальную адказнасьць, бо фізычна ня можаш у 8-гадзінны працоўны дзень выканаць усе абавязкі, якія на цябе ўскладаюцца кіраўніцтвам. І няма, акрамя незалежнага прафсаюзу, ніякага іншага спосабу данесьці кіраўніцтву, што яно выстаўляе зусім неадэкватныя патрабаваньні.

— І дзеля гэтага вы ўступілі ў прафсаюз?

— Я з Казахстану, у нас прафсаюз функцыянуе. Я не лічу, што незалежны прафсаюз — нейкая злачынная арганізацыя. Прафсаюзы, якія існуюць у мэдустановах Беларусі, на новы год цукеркі шматдзетным дактарам дораць ці ў санаторый па жаданьні адпраўляюць (але ніхто асабліва ня хоча). А насамрэч прафсаюзы створаныя не для гэтага. Гэта спосаб прамых стасункаў падначаленых з кіраўніцтвам. Я лічыла, што гэты інструмэнт проста неабходны ў сыстэме аховы здароўя. Дактары звальняюцца не таму, што заробкі нізкія, а таму, што немагчымыя ўмовы працы, якія стварае кіраўніцтва сваімі завышанымі патрабаваньнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «80 пацыентаў за дзень». Як доктарка страціла працу за ўдзел у прафсаюзе «Панацэя» і што стала зь яе «воўчым білетам»

«Ня можа быць 24-гадзіннага працоўнага дня ў доктара ў паліклініцы»

Мая Церакулава прыводзіць канкрэтны прыклад. Калі доктар ставіць такі дыягназ, як энтэравірусная інфэкцыя, то паперы для яго зацьвярджэньня трэба запаўняць каля дзьвюх гадзін.

— А ў мяне запіс на прыём кожныя 5 хвілін. Зразумела, што немагчыма фізычна прымаць дзіця кожныя пяць хвілін, таму я затрымліваюся, і ў мяне працоўны дзень вышэй нормы на 2 гадзіны штодня. Добра, што мне за гэта даплачвалі прэміі, але я не магу застацца яшчэ на дадатковыя 2 гадзіны, каб запоўніць усе неабходныя паперы. Энтэравірусная інфэкцыя — рэдкая хвароба, але калі адбываецца інфэкцыйная ўспышка, то за дзень у мяне можа быць 2–3 выпадкі такой хваробы. А ў мяне дадатковых ані 2, ані 6 гадзін няма. Я павінна ісьці дадому і жыць. Ня можа быць 24-гадзіннага працоўнага дня ў доктара ў паліклініцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З 2018 году стаю ў чарзе». Ці адчуваецца ў Беларусі недахоп мэдыкаў?

Як страціла працу і трапіла ў «чорныя сьпісы»

Спачатку Маю Церакулаву звольнілі з паліклінікі ў Мар’інай Горцы.

— Выклікалі да галоўнага лекара, ён абвясьціў мне вымову за тое, што я ўступіла ў незалежны прафсаюз. Я павінна была паабяцаць не размаўляць пра палітыку з пацыентамі. Улічваючы тое, што я пэдыятарка, то якія размовы пра палітыку зь дзецьмі? На гэтым нібы ўсё скончылася, а потым мне проста не працягнулі кантракт у паліклініцы ў Мар’інай Горцы.

Гэта адбылося ў студзені 2022 году. Мая каля чатырох месяцаў шукала працу. Спрабавала ўладкавацца ў Менску ў абласной дзіцячай бальніцы, у 3-й гарадзкой бальніцы, потым у санаторыі ў Мар’інай Горцы.

— Гэта аказалася няпроста, таму што я ўжо была ў нейкіх сьпісах. Тады мне пра гэта не казалі. Наколькі я ведаю цяпер, сьпісаў два віды — шэры і чорны. У шэрым — хто не даспадобы, у чорным — экстрэмісты, якіх ні ў якім разе нельга браць на працу.

«Зноў пісала, што абавязваюся палітычным актывізмам не займацца на працоўным месцы, што нічога супраць улады ня маю»

Мая Церакулава

Урэшце Мая здолела ўладкавалася ў бабруйскай гарадзкой бальніцы, нягледзячы на «адмоўную» пазнаку ў характарыстыцы пра тое, што яна была ў незалежным прафсаюзе.

— Дактары патрэбныя. І ў Бабруйску дактары патрэбныя больш, чым у Менску. Магчыма, праз гэта мяне ўзялі на працу. Я зноў у анкеце пісала, што абавязваюся палітычным актывізмам не займацца на працоўным месцы, што нічога супраць улады ня маю, што на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы не падпісаная.

Папрацавала доктарка ў Бабруйскай бальніцы толькі 8 месяцаў.

— Звольнілі мяне за тры дні. Не магу сказаць, што была канкрэтная прычына для звальненьня, нічога новага я не зрабіла. Калі я і праяўляла нейкі палітычны актывізм, то ў 2020 годзе выходзіла на маршы мэдыкаў, маршы людзей з інваліднасьцю, жаночыя маршы. Так, я брала ў іх удзел, але, па-мойму, гэта не злачынства, як і незалежны прафсаюз у 2020 годзе. Чаму звольнілі менавіта ў 2022 годзе, можна толькі здагадвацца. Проста прыйшлі сьпісы. А калі прыходзяць сьпісы ва ўстанову аховы здароўя, там жа не тлумачыцца нічога насупраць прозьвішча таго, каго трэба звольніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас выціснулі з прафэсіі». Звольнены зь дзьвюх клінік доктар Айзатулін пра тое, што адбываецца ў мэдыцыне

«Я абышла ўсе мэдычныя ўстановы Магілёва, Бабруйску і Асіповічаў, дзе былі патрэбныя пэдыятры»

Каб атрымаць новую працу, Мая Церакулава пайшла ў цэнтар занятасьці насельніцтва.

— Узяла ў іх накіраваньне, бо яны маюць актуальныя вакансіі. Цэнтар занятасьці зацьвярджае адпаведнасьць тваёй кваліфікацыі пазыцыі, заяўленай працадаўцам. У мяне былі паперы пра тое, што ёсьць адпаведная вакансія, якой адпавядае мая кваліфікацыя. Я прыходзіла з гэтым накіраваньнем, і мяне нідзе ня бралі. Прычыны былі самыя рандомныя — часам забаўныя, часам зусім без прычын у парушэньне ўсіх нормаў заканадаўства.

Такім чынам Мая абышла ўсе мэдычныя ўстановы Магілёва, Бабруйску і Асіповічаў, дзе былі патрэбныя пэдыятры. Ужо зьбіралася ехаць па раёнах, але тут ёй прапанавалі працу ў Польшчы.

— У Польшчы ўладкавацца аказалася прасьцей, чым у Беларусі. Пакуль гэта праца ў праекце па тэлемэдыцыне. Буду спрабаваць працаваць дыстанцыйна, бо ў Беластоку вельмі запатрабаваныя лекары, якія гавораць на расейскай мове, бо надта шмат сюды зьехала беларусаў. Пакуль я не пацьверджу афіцыйна сваю мэдычную кваліфікацыю, не змагу працаваць практыкуючым лекарам. Але я магу кансультаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі бракуе чвэрці пэдыятраў. Чаму так і што з гэтым робяць

За адзін дзень праз ініцыятыву BySol сабралі дапамогу для вывучэньня польскай мэдычнай мовы

Мая з дачкой

У жанчыны трое непаўналетніх дзяцей, старэйшаму сыну — 10 гадоў. У дачкі — аўтызм. Запытваюся ў Маі, ці ўплывала гэта неяк на прыняцьце рашэньняў аб звальненьні ці непрыняцьці на працу ў Беларусі?

— Ніяк не ўплывала. У мяне няма ўласнага жытла ў Беларусі (мы наймалі кватэру), я засталася бяз сродкаў да існаваньня, без жытла з трыма дзецьмі, і мяне нідзе ня бралі на працу. Кожны дзень на працягу двух месяцаў я хадзіла і шукала працу ў Беларусі...

Для Маі немагчыма працаваць нікім іншым, акрамя доктаркі, бо яна лічыць гэта ня толькі працай, але і пакліканьнем.

Мая Церакулава

— Большасьць мэдыкаў кажуць, што хацелі быць доктарам зь дзяцінства. Гэта пытаньне самаідэнтыфікацыі. Я — мама, і я — доктар, і я не магу ня быць доктарам. Не магу пайсьці працаваць па іншай прафэсіі, таму што я вельмі шмат гадоў свайго жыцьця прысьвяціла таму, каб стаць доктарам. Я ня проста вучылася, я станавілася як асоба доктарам-пэдыятрам. Я вучылася кантактаваць зь дзецьмі, вучылася цярпеньню, прыняцьцю, камунікацыям, навыкам камунікацыі з трывожнымі бацькамі. Ты займаесься гэтым шмат гадоў штодня...

Я ўмею дзяцей зь цяжкай інваліднасьцю не шкадаваць, а любіць, бачыць у іх асобу. І для бацькоў такіх дзяцей вельмі важна бачыць такое стаўленьне да сваіх дзяцей ад пэдыятра. Пэдыятар — гэта даволі знакавая фігура. Калі прыходзіш у сямʼю да немаўляці, маладой маме вельмі важна бачыць, што пэдыятар дасьведчаны, што можна на некага пакласьціся, зь некім разьдзяліць адказнасьць. Гэта ня толькі пытаньне кампэтэнцыі, але і пытаньне асабістых якасьцяў. І калі пазбаўляюць ня проста прафэсіі, а адмаўляюць у вялікай частцы тваёй уласнай ідэнтыфікацыі, гэта вельмі балюча. А хто я цяпер? Я б не змагла не працаваць доктарам, таму я паехала туды, дзе я буду доктарам.

Праз збор ініцыятывы BySol літаральна за суткі неабыякавыя людзі дапамаглі Маі аплаціць навучаньне польскай мове, а дакладней, польскай мэдычнай мове. Цяпер доктарка засяроджаная на вывучэньні новай для яе мовы.

— У верасьні будуць тэставыя іспыты, у кастрычніку вусныя іспыты з польскай мовы. Пасьля мае быць год стажыроўкі ў нейкай клініцы, і толькі праз год змагу працаваць самастойна. У мяне будзе лячэбная ліцэнзія. Гэта спрошчаная працэдура пацьвярджэньня дыплёму для беларускага лекара.

Я ня ведала польскай мовы, я нікуды не зьбіралася зьяжджаць. Жывеш у Беларусі і баісься. Я не арганізоўвала шэсьці, не падпальвала аўтазакі, не выказвалася ў сацсетках, нічога такога не рабіла, за што мяне можна было б пасадзіць. Я працавала, я займалася мэдыцынай. Я хацела заставацца ў Беларусі і лячыць сваіх пацыентаў. Я вельмі прывязваюся да пацыентаў, мне падабаецца быць участковым доктарам, весьці сваіх дзяцей гадамі, сачыць за тым, як яны растуць. У мяне, як у многіх участковых пэдыятраў, самая частая фраза — «мае дзеці»...

Пытаюся, якая дапамога патрэбная жанчыне цяпер. Мая ўдзячная за фінансавую дапамогу на моўныя курсы. Жытло ёй і дзецям прапанавала бясплатна актывістка беларускай дыяспары ў Польшчы. Мая піша артыкулы для некалькіх выданьняў, за што атрымлівае невялікія грошы.

— У мяне дзіця з інваліднасьцю, можа, атрымаецца пацьвердзіць інваліднасьць, тады на некаторы час я паспрабую аформіць на яе дапамогу. У мяне ёсьць невялікія ашчаджэньні, спадзяюся, што іх хопіць да таго моманту, як я пацьверджу тут дыплём і змагу з кастрычніка-лістапада працаваць. Я прыкладна ўяўляю, як я магу тут пражыць паўгода...

  • У Беларусі працягвае нарастаць дэфіцыт мэдыкаў. У агульнарэспубліканскім банку вакансій і рэзюмэ цяпер 6331 вакансія для мэдыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на пагрозу пераезду беларускіх мэдыкаў у Польшчу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына, культура, спорт, права. Як грамадзянская супольнасьць замяняла дзяржаву ў 2021-м