Лукашэнка звольніў першага намесьніка начальніка Генштаба

Лукашэнка на вайсковых вучэньнях. Студзень 2023. Ілюстрацыйнае фота.

Аляксандар Лукашэнка зрабіў чарговыя кадравыя прызначэньні ў вйасковым блёку. Адпаведныя ўказы ён падпісаў 9 лютага, паведамляе прэс-служба.

Палкоўніка Вадзіма Раманіва прызначылі начальнікам сувязі Ўзброеных сіл — начальнікам упраўленьня сувязі Генэральнага штабу. На пасаду намесьніка камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня прызначаны палкоўнік Дзьмітры Бітны.

Лукашэнка таксама вызваліў генэрал-маёра Ігара Караля ад пасады першага намесьніка начальніка Генэральнага штабу і звольніў яго з вайсковай службы ў запас па ўзросьце з правам нашэньня вайсковай формы адзеньня і знакаў адрозьненьня.

Ігар Кароль быў прызначаны першым намесьнікам начальніка Генштабу 21 лютага 2020 году. Раней ён займаў пасаду намесьніка начальніка Генштабу па баявым кіраваньні, адзначае Zerkalo.

У маі 2021 году Кароль у эфіры тэлеканала СТВ расказваў, як напярэдадні выбараў 2020 году Паўночнаатлянтычны альянс спрабаваў стварыць «пэўную нестабільнасьць» на памежжы зь Беларусьсю, але падступным плянам Захаду «крыху перашкодзіла пандэмія».

У лістападзе мінулага году Кароль на сустрэчы прадстаўнікоў сілавога блёку з актывам Наваполацку і працоўнага калектыву ААТ «Нафтан» заклікаў супрацьстаяць «навязваньню ілжывых ідэалаў і ігнараваць дэструктыўныя выпады звонку».

Ён таксама абвінаваціў ЭЗ у падрыхтоўцы да вайны, а расейскую збройную агрэсію супраць Украіны называў «сучаснай вэрсіяй проксі-вайны супраць Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў пасаду экс-чыноўніку Мінабароны Беларусі, якога сваякі з Украіны прасілі не ваяваць супраць радзімы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў на высокую пасаду ў Міністэрстве абароны чарговага выпускніка расейскай вайсковай вучэльні