Землятрус у Турэччыне і Сырыі: колькасьць загінулых перавысіла 20 тысячаў

Ратавальныя працы ў Турэччыне

Па дадзеных турэцкага агенцтва Anadolu на вечар 9 лютага, колькасьць загінулых у Турцыі ўзрасла да 17 134 чалавек. Яшчэ 70 374 пацярпелі.

У суседняй Сырыі загінулі больш за тры тысячы чалавек. Колькасьць пацярпелых, паводле падлікаў ААН, перавышае пяць тысяч. Афіцыйных зьвестак пра пацярпелых у Сырыі пакуль няма.

Парлямэнт Турэччыны ўхваліў уступленьне ў сілу ўказу прэзыдэнта аб увядзеньні ў 10 пацярпелых правінцыях краіны надзвычайнага становішча на тры месяцы.

Па дадзеных прадстаўнікоў турэцкіх гуманітарных арганізацый, агульная шкода ад землятрусу ў Турэччыне перавысіць чатыры мільярды даляраў. Такую суму раней прыводзіла рэйтынгавае агенцтва Fitch.

У горадзе Адыяман на паўднёвым усходзе Турэччыны пад развалінамі сяміпавярховага гатэлю шукаюць дзьве дзіцячыя валейбольныя каманды, якія прыляцелі зь непрызнанай Турэцкай рэспублікі Паўночнага Кіпра, з Фамагусты.

Разам з настаўнікамі і некаторымі бацькамі іх было 39 чалавек. Знойдзены целы двух пэдагогаў і дзіцяці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Землятрусы разбурылі некалькі гістарычных помнікаў у Турэччыне і Сырыі

У Сырыі склалася крытычная сытуацыя з дастаўкай гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя ад землятрусу рэгіёны — з прычыны дрэнных дарог і праблем зь лягістыкай. 9 лютага шэсьць грузавікоў праехалі праз кантрольна-прапускны пункт Баб-эль-Хава ў Ідлібе. Ратавальнікі паведамляюць, што тут загінулі сама меней 1900 чалавек. Сотні сем’яў апынуліся ў пастцы пад рэшткамі будынкаў.

Паводле зьвестак сырыйскага агенцтва SANA, у пацярпелую правінцыю Латакія партыю харчаваньня ў экстранным парадку даставілі з авіябазы Хмеймім расейскія вайскоўцы.

Асяродзьдзе прэзыдэнта Сырыі Башара Асада сьцьвярджае, што становішча пагаршаюць заходнія санкцыі, празь якія ў ратавальнікаў няма тэхнікі. З прычыны палітычнай сытуацыі калёны з гуманітарнай дапамогай ня могуць без дазволу дабрацца да падкантрольных апазыцыі паўночна-заходніх раёнаў Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, ці жывыя мае сябры». Як беларусы пераносяць землятрус у Турэччыне
  • Землятрус магнітудай 7,8 на паўднёвым усходзе Турэччыны і ў паўночна-заходняй Сырыі адбыўся ў ноч на 6 лютага ў выніку сутыкненьня Аравійскай пліты з Усходне-Эўрапейскай плятформай. Яшчэ адзін землятрус, магнітудай 7,7, адбыўся ў цэнтральнай частцы Турэччыны ў той жа дзень. У краіне да 12 лютага абвешчаная нацыянальная жалоба.
  • Тысячы жыхароў пацярпелых гарадоў засталіся без жыльля, разбураныя тысячы будынкаў, у тым ліку шпіталі, школы і шматкватэрныя дамы.
  • Больш за 12 000 ратавальнікаў са службаў па надзвычайных сытуацыях і 9000 вайскоўцаў занятыя на расчыстцы завалаў і пошуку тых, хто выжыў і хто загінуў.
  • Выратавальныя каманды і мэдыкі прыбылі ў Турэччыну і Сырыю з 70 краінаў. ААН выдзеліла 25 мільёнаў даляраў са свайго надзвычайнага фонду на аказаньне тэрміновай гуманітарнай дапамогі пацярпелым у Турэччыне і Сырыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муж беларускі, якая пацярпела падчас землятрусу ў Турэччыне, памёр

Разбураныя помнікі са сьпісу UNESCO, зруйнаваныя гарады. Турэччына да і пасьля землятрусу. Фотапараўнаньне