У British American Tobacco расказалі, што будуць рабіць зь бізнэсам у Беларусі і Расеі

Ілюстрацыйнае фота

Кампанія British American Tobacco (BAT) анансавала, што ў 2023 годзе мае намер завяршыць працэс перадачы свайго бізнэсу ў Беларусі і Расеі. Як канкрэтна плянуюць гэта зрабіць, не ўдакладняецца.

Кампанія паведаміла, што зараз вядзе перамовы з зацікаўленымі ўдзельнікамі рынку, у тым ліку з дыстрыбутарамі.

Zerkalo піша, што інфармацыя пра гэта зьмяшчаецца ў справаздачы вытворцы цыгарэт па выніках працы за 2022 год з прагнозам на 2023-ы. Reuters піша, што размова ідзе аб продажы бізнэсу ў Беларусі і Расеі. Тым часам прадстаўніцтва BAT у Беларусі, мяркуючы па дадзеных зь дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб, правяло рэарганізацыю і зьмяніла назву.

Улетку 2021 году ЭЗ, ЗША і Вялікая Брытанія ўвялі санкцыі супраць тытунёвай галіны Беларусі. Абмежаваньні тычыліся забароны на экспарт і пастаўку ў Беларусь некаторых тавараў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці або вырабу тытунёвай прадукцыі ў Беларусі ( араматызатары, цыгарэтная папера і фільтры для цыгарэт).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: British American Tobacco спыніла супрацоўніцтва з тытунёвай фабрыкай «Нёман»

Пасьля гэтага BAT заявіла аб прыпыненьні вытворчасьці сваёй прадукцыі на горадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» (яна выпускала цыгарэты па кантракце для беларускага падразьдзяленьня BAT). Раней брытанская кампанія была найбуйнейшым інвэстарам у тытунёвую галіну Беларусі.

BAT паведаміла, што праводзіць прававы аналіз з прычыны санкцый. Размова ішла ў тым ліку аб тым, каб вызначыць бізнэс-мадэль, якая б «адпавядала нацыянальнаму заканадаўству Беларусі і прымяняльнаму міжнароднаму заканадаўству».

У кастрычніку 2022 году стала вядома, што прадстаўніцтва BAT у Беларусі — «Брытыш-Амэрыкан Табака Трэйдынг Компані» — паведаміла партнэрам аб распачатай рэарганізацыі. Мяркуючы па дадзеных зь дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб на 9 лютага, новая назва кампаніі — ТАА «Міжнародныя паслугі па маркетынгу тытуню Бі Уай», піша Zerkalo.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве затрымалі рэкордную з 2000 году партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі