Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на саміце Эўразьвязу заявіў, што перадаў прэзыдэнтцы Малдовы Маі Санду перахоплены расейскі плян дэстабілізацыі сытуацыі на малдоўскай тэрыторыі.
«Нядаўна я размаўляў з прэзыдэнткай Малдовы спадарыняй Санду і паінфармаваў яе аб тым, што ўдалося перахапіць нашай выведцы дэталёвы расейскі плян зьнішчэньня палітычнай сытуацыі ў Малдове. Расейскі дакумэнт, які паказвае, хто, калі і ў выніку якіх дзеяньняў зьбіраецца зламаць Малдову, дэмакратычны парадак гэтай краіны, і ўсталяваць кантроль над ёй», — заявіў Уладзімір Зяленскі 9 лютага ў часе свайго выступу на саміце Эўразьвязу.
У той жа час украінскі прэзыдэнт дадаў, што ня ведае, ці аддалі ў Маскве загад дзейнічаць паводле гэтага пляну супраць Малдовы.
«Але мы пабачылі, што яны зьбіраюцца рабіць і пазналі ў гэтым менавіта тое, што яны ўжо спрабавалі зрабіць супраць Украіны, супраць іншых дзяржаў, у прыватнасьці ў Эўропе. Нічога новага», — дадаў ён.
Ніякіх іншых падрабязнасьцяў перахопу ўкраінскай выведкі расейскага пляну Ўладзімір Зяленскі не паведаміў.
Пакуль што невядомая і рэакцыя Малдовы на гэтую заяву Ўладзіміра Зяленскага.
«Расея мае розны, абсалютна розны інструмэнтарый, і ён ня толькі супраць Украіны, Малдовы, краін Балтыі, Польшчы і іншых, тых, хто мае суседзтва з Расеяй. Мы бачылі гэта, у прыватнасьці і на Балканах, і, на жаль, мы зноў можам гэта пабачыць у любы момант у любым рэгіёне Эўропы, калі некаму там у Маскве захочацца зрабіць чарговы супрацьзаконны, гвалтоўны або захопніцкі плян, плян новай агрэсіі — гібрыднай ці наўпроставай», — перакананы Ўладзімір Зяленскі.
«Ці заўсёды мы будзем пасьпяваць абараняцца? Нам патрэбна хуткасьць у ўхваленьні рашэньняў і надзейнасьць», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова спыніла вяшчаньне расейскіх і прарасейскіх каналаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля расейскага абстрэлу Ўкраіны ў Малдове знайшлі ракету, у краіне перабоі са сьвятлом