Ленінскі раённы суд Менску 5 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіч і завочна Зьмітра Салаўёва. Алесь Бяляцкі — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год.
Пракурор Аляксандар Кароль запрасіў падсудным у справе «Вясны» наступныя тэрміны:
- Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў зьняволеньня,
- Уладзю Лабковічу — 9 гадоў зьняволеньня,
- Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў зьняволеньня,
- Дзьмітрыю Салаўёву — 10 гадоў зьняволеньня.
Вядзе працэс судзьдзя Марына Запасьнік. Дзяржаўным абвінаваўцам у справе выступае Аляксандар Кароль. На працэсе пракурор заявіў, што «матэрыялы справы сьведчаць аб тым, што Бяляцкі можа схавацца ад правасудзьдзя», таму ён не пабачыў падставаў для зьмены меры стрыманьня праваабаронцу і не дазволіў зьняць з падсудных кайданкі.
«Пагардлівае стаўленьне да беларускай мовы»
Пра старшага пракурора аддзелу Генэральнай пракуратуры Аляксандра Караля вядома няшмат. Найбольш гучнай справай, у якой Кароль быў дзяржаўным абвінаваўцам, стаў працэс супраць аўтараў расейскага шавіністычнага сайту «Рэгнум».
«У тэкстах дэманструецца пагардлівае стаўленьне да беларускай гісторыі і мовы. Беларуская мова называецца прымітыўнай, карыстаньне якой магчымае толькі ў побыце», — казаў тады на судзе Аляксандар Кароль.
Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку судзілі паводле артыкулу 130 КК «Распальваньне міжнацыянальнай варожасьці». Усе яны былі асуджаныя на пяць гадоў зьняволеньня з адтэрміноўкай на тры гады. Менавіта столькі і прасіў пракурор.
Аляксандар Кароль таксама быў абвінаваўцам на працэсе анархіста-палітвязьня Зьмітра Паліенкі. Пракурор прасіў для яго шэсьць гадоў калёніі за «злоснае хуліганства». Гаворка пра інцыдэнт з распыленьнем пярцовага балёнчыка ў пад’езьдзе. Суд жа пакараў Паліенку трыма гадамі «хатняй хіміі».
Пасьля Кароль нават выносіў пратэст у Вярхоўны суд з прычыны мяккага прысуду, але празь нейкі час ад яго адмовіўся.
У 2021 годзе Аляксандар Кароль атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі мэдаль «За працоўныя заслугі». А на сайце Генэральнай пракуратуры апісваецца ўдзел Караля ў паэтычных чытаньнях у ведамстве. Пракурор «бліскуча прачытаў» твор Эдуарда Асадава «У ночного экспресса».