Сярод дакумэнтаў і перапісак аб публікацыях расейскіх сайтаў «Медиазона» выявіла таксама патрабаваньні да беларускіх СМІ выдаліць матэрыялы. Выданьне вывучыла, як менавіта інструмэнт расейскай цэнзуры ўплывае на інфармацыйную карціну для беларусаў.
У зьвестках, якія хакеры перадалі «Медиазоне», ёсьць лісты, справаздачы, даклады, рашэньні і пазнакі «праблемных» публікацый. У ліпені 2022 году ва ўнутранай перапісцы аднаго з аддзелаў «Роскомнадзора» зьявілася тэма зь некалькіх дзясяткаў лістоў пад назвай «Задача Белоруссия».
У рамках «задачы» супрацоўнікі «Роскомнадзора» вялі табліцу, адсочваючы тысячы публікацый на беларускіх сайтах. У жніўні 2022 года ў адным зь лістоў з дакладам аб зьмене апісана «Мегазадача Белоруссия»: кожнай зьмене было пазначана правяраць па 205 электронных адрасоў, а пры праверцы рабіць упор на «СВА» («спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як у Расеі называюць вайну супраць Украіне).
У табліцы ёсьць слупок, дзе насупраць сайтаў стаіць пазнака «Так (фэйк СВА)». Выніковы «статус» гэтых сайтаў вызначаўся слупком, у якім адна з опцый была «Накіравана ў Генпракуратуру Расеі».
Сярод сайтаў, якія былі адзначаны такім маркерам,можна ўбачыць mediazona.by, btvsat.eu, euroradio.by, flagshtok.info, baj.by, gazetaby.media, naviny97.by ды іншыя.
Сярод іншага стала вядома, што «Роскомнадзор» унёс у рэестар публікацыю «Народнай волі» пад назвай «Вайна супраць Украіны раскалола сілавікоў Пуціна», у якой пераказвалася інтэрвію расьсьледніка Хрысты Грозева. На гэты момант артыкул недасяжны.
Пасьля абмеркаваньня, унясеньня ў рэестар і патрабаваньня аб выдаленьні зь берасьцейскага сайту TOMIN.by знік артыкул «Сытуацыя ва Ўкраіне і спэцапэрацыя Расеі на Данбасе: што адбываецца цяпер».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перасьлед Вікіпэдыі. У Расеі пагражаюць заблякаваць сайт праекту, у Беларусі арыштоўваюць аўтараўЗ сайта Ex-press.by зьнік перадрук расьсьледаваньня праекту «Схемы» «З кім ваюе Ўкраіна: расейская армія ў асобах», бо інфармацыя аб стратах расейскіх салдатаў у Расеі зьяўляецца «дзяржаўнай тайнай».
На сайце Intex-press недаступны матэрыял «Якія дадзеныя аб стратах прыводзяць ва Ўкраіне і Расеі на 22 красавіка», які «не адпавядае афіцыйнай пазыцыі Мінабароны РФ».
На навінавым сайце Telegraf.News цяпер няма артыкулу «Жыхары захопленых Бярдзянску, Херсону і Энэргадару выйшлі на пратэсты супраць акупацыі. Як адрэагавалі расейскія вайскоўцы?».
На сайце газэты «Беларусы и рынок» больш няма матэрыялу аб расейскіх стратах падчас вайны ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Роскомнадзор» заблякаваў у Расеі сайт беларускай службы Радыё Свабода ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заблякавалі доступ да сайту выданьня Die Welt