Сяргей Календа — пісьменьнік, рэдактар часопісу «Мінкульт». Ідэя кнігі зьявілася ў сына Сяргея Томаса, якому тата штодзень перад сном чытаў розныя гісторыі.
«Сын пачаў мне гаварыць, што нам трэба сваю кніжку прыдумаць, каб яе чытаць. Спачатку мы прыдумлялі нейкія гісторыі перад сном, але я пачаў назіраць, чым ён займаецца, ён дастаткова няўрымсьлівы, — усьміхаецца Сяргей Календа. — Так пачалі зьяўляцца кароткія нататкі, каб пасьмяяцца, а ўжо зь іх, я вырашыў, можна рабіць гісторыі».
Цяпер у кнізе «Хлопчык Томчык» шэсьць гісторый, знакавых для малога дзіцяці. Кнігу Сяргей назваў у гонар сына Томаса, якога ўсьлед за бабуляй усе пачалі называць «Томчык» ці «Тамасік».
«У кнізе першая гісторыя пра сьлёзы ў Эгіпце, бо Томас там шмат плакаў, у яго было шмат розных прэтэнзій, капрызаў. І разам з героем плачуць усе на сьвеце. Насамрэч гэты досьвед такі даволі складаны быў, бо калі дзіця не атрымліваецца супакоіць своечасова, яно становіцца трыгерам для ўсіх навакольных. У кавярні, на пляжы, у апартамэнтах. Я хацеў падкрэсьліць, наколькі бывае цяжка і складана тзь дзецьмі, калі яны плачуць безь перапынку».
Ёсьць і гісторыя пра мячыкі, якія можна шукаць па ўсёй кватэры, лічыць іх, і як гэты пошук пераходзіць у новыя прыгоды.
«Ёсьць гісторыі, зьвязаныя з пакупкамі. Калісьці галоўны герой сабраўся з татам ісьці ў краму па самазвал. Зразумела, хлопчыку захацелася купіць усё на сьвеце! Там ідзе пералічэньне розных транспартных сродкаў, пачынаючы ад матацыкла, аўтобуса, яхты і іншага. Такая гісторыя на пералічэньне, на сьмешныя назвы, каб пашырыць слоўнікавы запас на розных мовах пра тэхніку. Ёсьць гісторыі пра штодзённыя рэчы: як паесьці, паспаць, схадзіць на гаршчок».
А канчаецца кніга гісторыяй, як галоўны герой ехаў зь Менску ў Вільню, расказвае Календа.
«Па дарозе ў хлопчыка былі таксама капрызы. І толькі калі ён даехаў да Вільні, заснуў, сказаўшы, што ён нарэшце дома», — апавядае аўтар.
Ілюстрацыі да кнігі зрабіла мастачка Марыя Шэндзель, якая змалявала з сына Сяргея галоўнага пэрсанажа.
«Мы зрабілі кнігу, зьвярсталі, адмалявалі і атрымалася 20 каляровых разваротаў з ілюстрацыямі — гэта 40 старонак асноўных. І, пакуль я працаваў над гэтай кнігай, зразумеў, што зь дзіцём ужо і другая, і трэцяя можа зьявіцца такога ж пляну. Мне здаецца, гэта толькі пачатак у сэрыі дзіцячых кніг».
«Кніга стваралася, каб можна было яе чытаць і сьмяяцца»
Абмежаваньняў па ўзросьце чытачоў няма, кніга будзе цікавая і дзеткам да году, і дарослым.
«Дарослым будзе сьмешна гэта пачытаць, дзецям паглядзець на малюнкі і пазахапляцца прыгодамі гэтага хлопчыка. Самае галоўнае, што гэтая кніга простая, вясёлая і стваралася сапраўды для таго, каб можна было яе чытаць і сьмяяцца».
Сяргей кажа, што пісаў гэтую кнігу, бо цяпер мала беларускай літаратуры, якую можна было б чытаць дзецям перад сном. Адметная рыса кнігі ў тым, што яна зробленая на трох мовах адначасова: беларускай, расейскай і ангельскай.
«Я наўмысна зрабіў тры мовы, бо перад сном мы з сынам можам пачаць чытаць спачатку беларускую нейкую кнігу, скончыць па-расейску, альбо разглядаем і чытаем па-ангельску. Вельмі зручна з адной кніжкай правесьці вечар, напрыклад, толькі беларускай літаратуры, другі па-расейску, а трэці па-ангельску, можна зьмешваць».
Аўтар дадае, што вельмі добра для разьвіцьця дзяцей расказваць, як што называецца на розных мовах.
«Ну і такая літаратура значна пашырае нашу культурную прастору, якой нам увогуле зараз не хапае. Я выбраў сабе плятформу, каб зьбіраць сродкі на выданьне, і такім чынам хачу яшчэ ахапіць большую аўдыторыю па ўсім сьвеце. Дасылаючы кнігу ў Штаты, альбо па Эўропе, я акурат буду падтрымліваць яшчэ больш беларусаў, якія будуць чытаць».
Сяргей Календа ўжо назьбіраў матэрыял для другой дзіцячай кнігі. Таксама ў аўтара ў плянах вялікі праект, зьвязаны з коміксамі.
«Я мару і пляную стварыць кшталту беларускага „Марвэлу“. Таксама літаральна праз тыдзень выходзіць з друкарні 6-ы нумар часопіса „Мінкульт“. У сакавіку будзе шэраг імпрэзаў, прысьвечаных „Мінкульту“ і яго тэматычнаму нумару „Падарожжы і эміграцыя“. У Вільні, Варшаве і Беластоку зробім прэзэнтацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: па-беларуску — дзецям ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кот на Валадарцы» і «Беларусь — гэта сьвятое». Якія творчыя праекты зрабілі беларускія палітвязьні за год