Беларусь экстрадавала ў Казахстан падазраванага ў масавых беспарадках у Жамбылскай вобласьці ў лютым 2020 года.
«Пасьля ўчыненьня злачынства ўказаная асоба схавалася ад органаў крымінальнага перасьледу і абвешчана ў міжнародны вышук. У цяперашні час падазраваны дастаўлены ў Казахстан і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар», — гаворыцца ў паведамленьні.
Па мясцовым крымінальным заканадаўстве мужчыне пагражае пакараньне ад 3 да 8 гадоў зьняволеньня.
У лютым 2020 года ў Кардайскім раёне Жамбылскай вобласьці адбыліся масавыя беспарадкі, падчас якіх загінулі 11 чалавек, траўмы атрымалі 160 чалавек, сярод якіх 20 супрацоўнікаў паліцыі. Пацярпелымі прызнаны 342 чалавекі. Па афіцыйнай вэрсіі, прычынай беспарадкаў, у выніку якіх былі спалены дзясяткі дамоў і камэрцыйных аб’ектаў, стаў канфлікт паміж дзьвюма крымінальнымі групамі з-за кантролю над крыніцамі незаконных даходаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане пазбавілі паўнамоцтваў дэпутата, які падтрымаў уварваньне Расеі ва Ўкраіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан пагоршыў умовы ўезду ў краіну для расейцаў і беларусаў