Прадпрымальніка затрымалі за распальваньне варожасьці да расейцаў
Затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Леанюка. У відэа сілавікоў ён кажа, што нібыта пакідаў камэнтары ў Telegram. Дэманструецца таксама іх меркаваны зьмест, зьвязаны з асуджэньнем расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
Сілавікі сьцьвярджаюць, што супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкуле 130 КК за «распальваньне варажасьці да расейцаў». Па гэтым артыкуле пагражае пакараньне да пяці гадоў зьняволеньня.
Як піша «Наша ніва», Сяргею Леанюку 51 год. Ён зьяўляецца індывідуальным прапрымальнікам з 2012 года і займаецца дробным гандлем, да гэтага працаваў спэцыялістам па маркетынгу ў прыватных фірмах і ў «Беларусбанку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 лютага: супрацоўніцы «Белагра» далі год калёніі; менчука асудзілі за пратэсты 2020 годуЯшчэ адзін вырак за ўдзел у пратэстах
У судзе Кастрычніцкага раёну Менску 7 лютага вынесьлі прысуд Сяргею Козелу, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Пра вырак паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Аляксандр Рудэнка. Сяргея затрымалі на пачатку сьнежня 2022 году і зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску.
Вядома, што да затрыманьня Сяргей працаваў настаўнікам гісторыі ў менскай школе № 30. Ён скончыў гістфак БДУ і яшчэ са школьных гадоў вельмі захапляецца вывучэньнем гісторыі.
За ўдзел у акцыі пратэсту 26 кастрычніка 2020 годзе быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 14 дзён.
Суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады («хатняя хімія»). Сяргея вызвалілі з-пад арышту ў залі суду.
Баранавіцкага актывіста Мікалая Чарнавуса арыштавалі на 15 сутак
У Баранавічах судзілі Мікалая Чарнавуса-малодшага. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. Судзьдзя Арцём Падалянец прызнаў Мікалая вінаватым і прызначыў яму 15 сутак арышту, паведамляе «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі, супраць Чарнавуса-малодшага завялі крымінальную справу паводле арт. 368 КК (за абразу Лукашэнкі).
Мікалая Чарнавуса затрымалі 2 лютага ў Баранавічах, дома правялі ператрус. Прыкладна а 6 раніцы каля 10 сілавікоў у бронекамізэльках, са зброяй атачылі прыватны дом, а потым пералазілі праз плот і грукалі па вокнах з патрабаваньнем адчыніць дзьверы. Пасьля ператрусу Мікалая вывелі ў кайданках з рукамі за сьпінай.