ЗША ўхвалілі продаж Польшчы ракетна-артылерыйскіх сыстэм на 10 млрд даляраў

Сыстэмы HIMARS сябе добра паказалі ў адбіцьці Ўкраінай расейскай агрэсіі

Варшава можа атрымаць ракетныя сыстэмы HIMARS, ATACMS і GMLRS.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўхваліў магчымы продаж Польшчы ракет вялікай далёкасьці, рэактыўных снарадаў і пускавых установак у рамках угоды на суму да 10 мільярдаў долараў, паведаміў «Голас Амэрыкі» са спасылкай на Пэнтагон.

Польшча актыўна праводзіць мадэрнізацыю сваіх узброеных сіл, адначасова ахвяруючы частку свайго старога ўзбраеньня суседняй Украіне для барацьбы з расейскім уварваньнем.

Патэнцыйны продаж уключае высокамабільныя артылерыйскія ракетныя сыстэмы HIMARS, выкарыстаньне якіх дазволіла Кіеву дабіцца посьпехаў на полі бою.

У камплект уваходзяць 18 пускавых установак HIMARS, 45 ракет вайсковай тактычнай ракетнай сыстэмы ATACMS з далёкасьцю 297 км і 1559 ракет сыстэмы кіраванага залпавага агню GMLRS.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча перамясьціла зэнітна-ракетныя комплексы Patriot у Варшаву

Злучаныя Штаты адхілілі просьбу Ўкраіны аб перадачы ракет ATACMS, і Польшчы ня будзе дазволена перадаваць іх Украіне без ухваленьня з боку Вашынгтона.

Агенцтва супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі і абароны паведаміла Кангрэсу аб магчымым продажы ў аўторак.

«Прапанаваны продаж дазволіць Польшчы выканаць задачы ў абнаўленьні абароннага патэнцыялу, а таксама павысіць апэратыўную сумяшчальнасьць з ЗША і іншымі саюзьнікамі», — заявілі ў Пэнтагоне.

У 2022 годзе Польшча атрымала дазвол на куплю 116 танкаў M1A1 «Абрамс» і 250 танкаў M1A2 вытворчасьці General Dynamics.

У траўні Польшча запытала ў ЗША дадатковыя 500 пускавых установак HIMARS, але, паводле зьвестак польскіх СМІ, Lockheed Martin заявіла, што можа прапанаваць Варшаве толькі каля 200 установак. У кастрычніку Польшча падпісала пагадненьне аб куплі 288 пускавых установак Chunmoo паўднёвакарэйскай вытворчасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў выступіў з пагрозамі ў адрас Польшчы за яе падтрымку Ўкраіне