Журналіст Дзяніс Івашын прыбыў у магілёўскую калёнію з тэмпэратурай 39.
«Карантыну як такога не было, бо ў такім стане Дзяніс, натуральна, адразу патрапіў у шпіталь. Адчуваў сябе надта кепска, нават ня мог нам пісаць. Але нашыя лісты ён атрымаў, то чакаем на вестачку ў хуткім часе. Дзяніс знаходзіцца ў 11 атрадзе, то заклікаю пісаць яму з гэтай пазначкай», цытуе праваабарончы цэнтар «Вяна» жонку зьняволенага журналіста.
У студзені Івашына ў горадзенскай турме зьмяшчалі ў карцар, а праз 2 дні ён апынуўся ў карантыне з высокай тэмпэратурай, сухім кашлем і праблемамі з дыханьнем. 16 студзеня Дзяніс усё яшчэ хварэў і адчуваў слабасьць, а на наступны дзень яго перавялі ў калёнію.
- Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і затым абвінавацілі паводле арт. 365 (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). 14 верасьня 2022 Горадзенскі абласны суд вынес вырак: 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 4800 рублёў. Івашын таксама мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Разам са штрафам гэта 22 800 беларускіх рублёў, або звыш 9000 даляраў. Судзьдзя — Валер Раманоўскі.
- 20 сьнежня Вярхоўны суд пакінуў вырак бязь зьменаў, адхіліўшы апэляцыю журналіста.
- Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі. Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».