Камісія была ўтвораная ўказам Лукашэнкі, яе склад апублікаваны на ягоным інтэрнэт-партале.
Узначальвае камісію генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, ягоныя намесьнікі — намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Валеры Гайдукевіч і намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Стук.
У склад камісіі ўвайшлі:
- Рыгор Азаронак — аглядальнік палітычны дырэкцыі інфармацыйнага вяшчаньня ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне»,
- Сяргей Алейнік — міністар замежных спраў,
- Дзьмітрый Баскаў — намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным разьвіцьці,
- Уладзімір Басько — генэральны дырэктар навукова-тэхналягічнай асацыяцыі «Інфапарк»,
- Алена Богдан — старшыня камітэту па ахове здароўя Менскага гарвыканкаму,
- Аляксандар Багдановіч — старшыня асацыяцыі «Фэдэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь»,
- Юры Васкрасенскі — дырэктар інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сілаў»,
- Вадзім Гігін — старшыня праўленьня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае таварыства „Веды“»,
- Аляксандра Ганчарова — старшыня Цэнтральнай рады грамадзкага абʼяднаньня «Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя»,
- Дзьмітры Гара — старшыня Сьледчага камітэту,
- Васіль Гурскі — галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
- Алег Дзячэнка — член Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, рэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі»,
- Натальля Карчэўская — рэктар установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў»,
- Іван Кубракоў — міністар унутраных спраў,
- Анатоль Лапо — старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэту,
- Марына Лянчэўская — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу,
- Аляксандар Маркевіч — намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу па нацыянальнай бясьпецы,
- Марат Маркаў — старшыня праўленьня ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»,
- Ігар Маршалаў — намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю — дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў,
- Андрэй Мукавозчык — палітычны аглядальнік установы адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом „Беларусь сегодня“»,
- Яўген Пуставой — аглядальнік палітычны дырэкцыі інфармацыйнага вяшчаньня ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне»,
- Іван Тэртэль — старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі,
- Ганна Харута — намесьнік старшыні рэспубліканскага грамадзкага абʼяднаньня «Патрыёты Беларусі»,
- Аляксей Швакоў — старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў,
- Вольга Шпілеўская — старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Беларускі саюз жанчын»,
- Іван Эйсмант — старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
БелТА паведаміла, што «ў камісію маюць права зьвярнуцца жадаючыя вярнуцца на радзіму грамадзяне Беларусі, якія ўчынілі ў пэрыяд з 1 студзеня 2020 году да ўступленьня ў сілу гэтага ўказу адміністрацыйныя правапарушэньні або злачынствы пратэснай накіраванасьці, асьцерагаюцца вяртаньня ў краіну ў сувязі са сваім магчымым дачыненьнем да ўчыненьня такіх правапарушэньняў, злачынстваў».
Паведамляецца таксама, што звароты ў камісію грамадзяне могуць накіраваць да 31 сьнежня 2023 году ў пісьмовай ці электроннай форме з дадаваньнем неабходных дакумэнтаў.