«Ты быццам працягваеш жыць у Беларусі дыстанцыйна». Паэтка Ганна Комар выдала зборнік дакумэнтальных вершаў

Ганна Комар

«Мы вернемся» — гэта зборнік з дваццаці дакумэнтальных вершаў, напісаных паводле гісторый беларусак і беларусаў, якія пакінулі краіну цягам года пасьля жніўня 2020-га.

Паэтка, перакладчыца, дасьледчыца, пісьменьніца Ганна Комар цяпер жыве і вучыцца ў Лёндане. Ідэя кнігі «Мы вернемся» зьявілася ўзімку 2021 году, калі дзяўчына была ў Беларусі і зьбіралася выехаць толькі пры адной зь дзьвюх умоваў: або яе пачуць перасьледаваць у крымінальнай справе, або яна атрымае стыпэндыю на навучаньне ў Брытаніі.

«Тады шмат блізкіх людзей выяжджалі, і гэты досьвед ня быў просты, я гэта ўсё назірала. У Facebook у мяне часта зьяўляліся такія думкі, закіды ў бок людзей, якія паехалі: „Вось вы паехалі і насалоджваецеся жыцьцём, такія вы, сякія“. А я думаю: дык гэта ж ня так! Гэта няпраўда! Я ведала, што гэтым людзям эмацыйна складана. І так прыйшла ідэя напісаць пра гэты досьвед», — дзеліцца паэтка Ганна Комар.

Паколькі на той момант Ганна не была сама ў эміграцыі, яна вырашыла зьвярнуцца да знаёмых і напісаць адзін калектыўны верш.

«Я кінула кліч у Facebook, каб падзяліліся сваімі гісторыямі. Гэта былі як пісьмовыя інтэрвію. Назьбіралася недзе 5-8 гісторый, летам 2021 году я пачала працу, адкрыла дакумэнт з аповедам дзяўчыны Тані і проста інтуітыўна стала выдзяляць тое, што мне здавалася важным. Я павыдзяляла ледзь не на старонку, мяне так уразіў эмацыйна аповед, зь якой шчырасьцю яна расказала гісторыю, падзялілася дэталямі. І я зразумела, што кожная з гэтых гісторый вартая асобнага верша, бо яны розныя вельмі, але ўсе вельмі важныя».

Урывак з верша «Аліна»:

плакалі

зь сяброўкай

з маімі былымі кветкамі

ў маім былым пакоі

ў маім былым горадзе

плакала

маё былое жыцьцё

першыя

дзесяць дзён

рубіла дровы,

жах, тугу, боль

абдымала пса,

жах, тугу, боль

зьбірала ў лесе

жах, тугу, боль

гатавала ежу,

жах, тугу, боль

люблю выратоўваць са сьметніка

самоту

жах, тугу,

боль

няма сілаў

ёсьць мары

вярнуцца

«Гэта можа быць для самога чалавека тэрапэўтычна»

Ганна кажа, што для яе гэта паэтычны экспэрымэнт, які можа дапамагчы іншым людзям.

«Я паказала вершы і расказала пра ідэю свайму знаёмаму Ўладзіміру Каркунову — расейскаму паэту, перакладчыку, які са сваімі калегамі ў 2020 годзе перакладаў нашыя вершы беларускія на расейскую мову. Уладзімір сказаў мне, што гэта дакумэнтальная паэзія. То бок я нічога не прыдумала, а проста інтуітыўна зрабіла тое, што да мяне ўжо рабілі».

Уладзімір прапанаваў паэтцы выдаць кнігу. Тады Ганна назьбірала яшчэ інтэрвію, а скончыла працу, калі пераехала ў Лёндан. Усё заняло больш за год.

«Пяшчота, любоў да Беларусі пранізвае ўсе вершы»

Ганна таксама ў той час зьбірала інтэрвію для сваёй прозы пра 9 сутак на Акрэсьціна і ў Жодзіне.

«У мяне ўжо быў такі досьвед — слухаць, прапускаць праз сябе гэты досьвед, але зь вершамі аказалася складаней, бо я заставалася сам-насам з кожнай гэтай гісторыяй, вельмі падрабязна прапускаючы яе празь сябе. І ў пэўны момант я вымушаная была ўзяць паўзу. Увосень 2021 году я прыехала ў Лёндан, там у мяне адкрыўся посттраўматычны разлад, я зь ім змагалася. Але за два месяцы восені я скончыла кнігу, бо яшчэ мяне трошкі штурхала пачуцьцё віны „той, што выжыла“: што вось гэта цяпер мая місія, я мушу гэта зрабіць, бо ніхто ня зробіць».

Ганна прызнаецца, што ў яе не было сілаў і словаў, каб апісаць свой досьвед эміграцыі, але праца над чужымі гісторыямі сталася тэрапэўтычнай. З агульных вобразаў і пачуцьцяў ва ўсіх гісторыях было адчуваньне, што ты ў новым месцы, але нібыта яшчэ і ў Беларусі, кажа паэтка.

«Ты быццам не ў Беларусі, але табе неспакойна, сьняцца сны, ты пастаянна сочыш за навінамі і быццам працягваеш жыць у Беларусі дыстанцыйна. Я намагалася паказаць, што некаторыя людзі зьехалі, бо рэальна была небясьпека. Хтосьці паехаў, бо ўжо ня мог так жыць, не хацеў спансаваць рэжым. Нехта чакае вяртаньня. Але такая пяшчота, любоў да Беларусі, пачуцьцё зьвязанасьці зь Беларусьсю і таго, што для цябе важна, што адбываецца ў гэтай краіне, яно таксама пранізвае ўсе вершы».

«Задача — дакладна расказаць гісторыі, эмацыйна, ня здрадзіць людзям»

Сярод пытаньняў, якія задавала Ганна падчас інтэрвію з героямі, былі такія: «Што вы ўзялі з сабой зь Беларусі, калі выяжджалі?», «Як вы разьвітваліся зь людзьмі?», «Што вы памятаеце? Якія вашыя першыя ўспаміны з новага месца? Якія былі пахі і гукі? Якое было надвор’е?».

«Праз гэта відаць, як людзі сустракаюцца з новым жыцьцём і вучацца жыць па-новаму: як ты проста кніжку чытаеш, проста гуляеш, глядзіш у акно, чакаеш чагосьці. Мы мусім жыць, бо дзе б мы ні былі, мы ўсё яшчэ частка Беларусі. І нам таксама трэба быць жывымі, здаровымі, трэба быць у парадку. Мы ж нікуды ня зьніклі, не памерлі».

Кожнаму герою паэтка слала верш зь яго гісторыяй. Ганна кажа, што гэта падобна на журналісцкую працу.

«Я пасылала і пытала: „Гэта твая гісторыя? Я нічога не сказіла? Ці гэта ты? Ты пазнаеш сябе?“ Яны адказвалі: „Так, я пазнаю сябе; так, гэта мая гісторыя“. Шмат хто плакаў. Пакуль я стварала гэтыя гісторыі, я думала не пра тое, як успрымецца кніжка, хто яе будзе чытаць, а першапачатковая задача была — дакладна расказаць гісторыі, эмацыйна, ня здрадзіць гэтым людзям і іхным гісторыям».

Для аўтаркі важна, што кніга напісаная па-беларуску і па-расейску, хоць сама Ганна піша свае ўласныя вершы на беларускай мове і цяпер яшчэ па-ангельску.

«Але гэтая кніжка на дзьвюх мовах, бо на іх мне расказвалі людзі свае гісторыі. Я палічыла, паколькі было важна перадаць галасы людзей, што захаваньне мовы героя тут важнае».

«Трэба прагаварыць, прызнацца сабе, што ты так адчуваеш, што табе сумна, што табе баліць»

У кнізе «Мы вернемся» Ганна называе сябе суаўтаркай. Нават на вокладцы імя Ганны Комар разьмешчана ў цэнтры, а імёны герояў вакол яго.

«Калі была прэзэнтацыя кнігі ў Лёндане, там паветра можна было разразаць нажом, настолькі яно было шчыльнае. Калі кнігу чытаеш, унутры ўсё сьціскаецца, было цяжка. Кніжку стала магчыма купіць дзякуючы беларускаму выдавецтву ў Лёндане „Скарына Press“, мы перавыдалі яе. Бо першапачаткова яна друкавалася ў Маскве, але яна там замкнёная, „невыязная“ засталася».

Ганна кажа, што гэтую кнігу цяпер важна прачытаць, каб адпусьціць свой досьвед эміграцыі, прапрацаваць свае пачуцьці.

«Здаецца, нават калі ты выехаў і за табой ня гналіся, але гэта ўсё адно цяжка, бо ты разрываеш сувязі з важным для цябе месцам, досьведам, людзьмі, успамінамі, рэчамі. І калі гэты досьвед не прапрацаваць, ён сам не сыдзе, ён глыбей схаваецца і будзе даваць час ад часу пра сябе знаць, як стаячая вада, якая будзе падгніваць. Трэба прагаварыць, прызнацца сабе, што ты так адчуваеш, што табе сумна, што табе баліць. Так ты можаш адпусьціць — і сілы зьявяцца на нешта іншае і новае, каб жыцьцё сваё будаваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Бень: «Страшнае па-сапраўднаму адчуваецца толькі на асабістым досьведзе»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кацярына Ваданосава прэзэнтавала вальс «1863», прысьвечаны паўстаньню Каліноўскага. ВІДЭА